Раварыст – не экстрэміст? У Менску адчынілі веласезон


У Менску разгарнуліся баталіі паміж менскімі ўладамі ды раварыстамі. Напаказ ёсць супраца і падтрыманне. Заніжаюць бардзюры ды ладзяць велакарнавалы. Чаго не зробіш за 600 тыс. еўраў. Столькі выдзеліў сёлета Беларусі Еўразвяз на развіццё роварнай інфраструктуры. І на паперы ўсё прыгожа. А вось калі святло камераў рэпарцёраў згасае, пачынаюцца праблемы. Бо меркаванні раварыстаў насамрэч слухаюць мала.

Сталічныя ўлады афіцыйна распачалі веласезон і зладзілі міжнародны карнавал пад назваю «Віва, ровар». Для замежных удзельнікаў нават зрабілі бясплатныя візы. Такое мерапрыемства пры падтрымцы Менгарвыканкаму праходзіць у сталіцы ўжо ў трэці раз, і калі летась у ім бралі ўдзел каля 9 тыс. чалавек, то сёлета колькасць удзельнікаў павялічылася амаль у паўтара разы – усё больш менчукоў перасаджваюцца на два колы, вось толькі горад за такімі імклівымі зменамі не паспявае.

Удзельнікі верапараду кажуць, што гораду не хапае роварных сцежак, а таксама адзначаюць, што шмат месцаў, над якімі «трэба папрацаваць».

Не абышлося на санкцыяваным уладамі велакарнавале і без затрыманняў хлопца, што паспрабаваў дастаць бела-чырвона-белы сцяг, АМАП зняў з ровара і завёу ў свой аўтобус. Свой пратэст супраць ціску на раварыстаў, і, у прыватнасці, супраць пакарання Змітра Паліенкі, прыйшлі выказаць некалькі актывістаў, сярод якіх і былы палітвязень Вячаслаў Касінераў.

«Такое ж самае мерапрыемства толькі не ўзгодненае з уладамі, было гвалтоўна зачышчанае АМАПам, гэта было год таму, калі асудзілі Паліенку, ён цяпер знаходзіцца ў калоніі ў Бабруйску», – адзначае Вячаслаў Касінераў.

Змітра Паліенку затрымалі падчас заезду «Крытычная маса». Яго абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта, а пасля дадалі новы артыкул – за распаўсюд парнаграфіі. Пакаранне – два гады калоніі – адтэрмінавалі, але сёлета ў сакавіку адтэрміноўку адмянілі.

Актывісты «Крытычнай масы» велапарад праігнаравалі, але прыехалі ў стартавую кропку, каб зладзіць акцыю салідарнасці са Змітром Паліенкам.

«Цяпер, як мы бачым, калі людзі атрымліваюць рэальныя тэрміны, яны баяцца выходзіць, мы з гэтым не згодныя і таму мы тут», – кажа актывістка Марына Насенка.

На думку актывістаў, улада на дыялог з раварыстамі ісці не хоча, а тых, хто хоча завіць пра свае правы, прасцей забраць у пастарунак, чым выслухаць.

«Мы гэта бачым як костку, якую кінулі беларускаму веларуху – вось, пакатайцеся, мы для вас перакрылі праспект. Добра, але пры гэтым літаральна месяц таму адмовіліся прыняць праект, дзе мы маглі б рушыць справа па дарозе», – працягвае Вячаслаў Касінераў.

Але нягледзячы на гэта, арганізатары «Крытычнай масы» у Менску абвесцілі, што новаму заезду быць – праўда, з датай пакуль не вызначыліся.

Настасся Храловіч, belsat.eu