Аб'ектыў 11.05.2017 Ратуйце бульбу! Халодная вясна ўдарыць па кішэнях беларусаў


Новая народная прымаўка: прайшоў красавік – апранай пухавік. Такога халоднага траўня, ды яшчэ і са снегам, у Беларусі не было 30 гадоў. Сёння і ўчора паўсюль, апроч паўднёвых раёнаў краіны, былі завеі. Хтосьці ляпіў снегавікоў, а хтосьці прыкідваў, як ратаваць грады з пасеянаю бульбай.

За што прыйдзецца плаціць больш?

Сёлета можа быць неўраджай яблыкаў і грушаў. Будзе мала і мёду – пчолы даўно прачнуліся, але мерзнуць і не могуць набраць поўную ношку.

«Напэўна, памідоры і агуркі падаражэюць. Бо рассада маленькая», – наракае жыхар Менску.

Апошнія некалькі гадоў Беларусь перабывае ў зоне экстрэмальнага земляробства, кажа шэф-рэдактарка парталу «agrolive.by» Іна Гармель. Прычына ў глабальных кліматычных зменах, выкліканых дзейнасцю чалавека. Складаныя вёсны пераходзяць у засушлівыя леты, часам з ураганамі. Таму з кожным годам усё больш складаная выходзіць «бітва за ўраджай» – савецкая назва звычайнага жніва.

«Мы штогод па восені рапартуем, што закладваем у сховішчы вельмі шмат садавіны-гародніны, і імпартуем у Расею, але пасля Новага Года вельмі цяжка знайсці ў беларускіх крамах беларускі яблык», – звяртае ўвагу спадарыня Гармель.

Саджайце правільна і збірайце добры ўраджай!

Праблемаў і бітваў у экстрэмальных кліматычных умовах можна пазбегнуць, калі перавесці сельскую гаспадарку з савецкай на еўрапейскую мадэль, – больш сучасных тэхналогіяў, больш самастойнасці фермерам, менш планавасці.

«Пачатак масавай сяўбы супаў з першай хваляй замаразкаў, складаных умоваў. Але ў нас пануе ўстаноўка, што сяўбу нельга прыпыняць, нельга карэктаваць, трэба даваць планы, кожны тыдзень даваць справаздачы ў Мінсельгасхарч», – наракае Іна Гармель.

Тую ж бульбу варта саджаць, калі глеба стабільна прагрэлася больш чым да 8 градусаў. Таму сёлета адмыслоўцы раяць уласнікам агародаў і лецішчаў не спяшацца, а засеяць грады бліжэй да канца траўня, асабліва на тарфяніках і гліністай глебе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: cont.ws

Глядзі таксама
Каментары