Расследаванне: як вядомыя багачы выводзяць грошы праз афшоры


Уплывовыя і казачна багатыя. Зоркі шоу-бізнесу Мадона і Бона, карпарацыі-гіганты «Facebook», «Apple» і «Nike» – дзясяткі імёнаў і назваў, гэтак ці інакш звязаных з афшорных бізнесам. «Райскія» падатковыя ўмовы з дапамогаю кампаніі «Appleby» шмат хто знайшоў тут, на Бэрмудскіх выспах у Атлантычным акіяне, а таксама на Брытанскіх Віргінскіх, Кайманах, Мальце.

Амаль год таму 13 мільёнаў дакументаў кампаніі трапілі ў рэдакцыю нямецкай газеты «Süddeutsche Zeitung». Акрамя іх над файламі ўвесь гэты час працавалі чатырыста журналістаў з 67-мікраінаў свету.

«Appleby» падкрэслівае законнасць сваёй дзейнасці

«Мы кампанія-афшор, якая дае кліентам парады пра вядзенне бізнесу на законных падставах. Мы не дапускаем нелегальных развязанняў. Так, мы не бязгрэшныя. Але калі знаходзім памылкі, то дзеем хутка для выпраўлення сітуацыі ды інфармуем адпаведныя органы», – зазначылі ў кампаніі.

Сапраўды, большая частка транзакцыяў, апісаных у дакументах, – не выходзіць за межы закону.

«Толькі тое, што дзеянне законнае, не робіць яго правільным або маральна дапушчальным. Мы бачым знікненне мільярдаў, якія мусілі пайсці на падаткі», – тлумаыць Баст’ян Обэрмаер.

Афшоры – гэта не толькі нулявыя падаткі, але і сакрэтнасць

Яны дазваляюць схаваць дзелавыя адносіны з тымі, на каго, да прыкладу, накладзеныя палітычныя санкцыі. Міністр гандлю ЗША Ўілбур Рос, нягледзячы на дзяржаўную дзейнасць, захаваў фінансавыя інтарэсы ў карабельнай кампаніі «NAVIGATOR HOLDINGS», галоўны кліент якой, у сваю чаргу, – расейскі нафтахімічны холдынг «Сібур». Сярод акцыянераў апошняга – Генадзій Цімчанка, які застаецца пад санкцыямі ЗША, Леанід Міхельсон, а таксама Кірыл Шамалаў – імаверна, зяць Пуціна.

Расейскіх імёнаў у «райскіх« дакументах няшмат

Журналісты «Новой газеты« – адзінае расейскае СМІ, якое ўдзельнічала ў расследаванні. Алігархі пераважна рэгістравалі праз афшоры прыватныя самалёты.

Мець шыкоўны стыль жыцця не забаронена законам, гэтаксама, як і размяшчаць сродкі ў афшорных кампаніях. Але журналісты-расследнікі падкрэсліваюць, што публікацыя такіх звестак – пытанне грамадскага інтарэсу. На афшорах ува ўсім свеце трымаецца каля 10 трыльёнаў долараў – гэта ВУП Вялікай Брытаніі, Японіі ды Францыі разам узятыя. І калі самыя багатыя пазбягаюць падаткаў, то на каго перакладаецца нагрузка?

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Brian Snyder / Reuters / Forum