«Рассельгаснагляд»: беларускія харчы пагражаюць расейскай эканоміцы


«З беларусамі трэба развязваць пытанне – гэтак ці інакш. Бо нашым жывёлагадоўцам ніколі не выблытацца з сітуацыі».

З такою заявай у Дзяржаўнай Думе Расеі выступіў намеснік кіраўніка «Рассельгаснагляду» Мікалай Уласаў.

Паводле расейскага санітарнага ўрадоўца, нарошчванне імпарту з Беларусі «забівае» тамтэйшую малочную жывёлагадоўлю. Таму, заявіў ён, Маскве трэба дамовіцца з Менскам аб адным з двух варыянтаў: або жорстка абмежаваць продажы ў Расею, або ўвесці адзіны ўзровень дзяржаўных субсідый сялу, якія ў Беларусі значна вышэйшыя, чым у Расеі.

Былы дарадца старшыні Нацбанку Сяргей Жбанаў адзначае, што гэтае пытанне падымалася яшчэ да падпісання дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. «Тады ўжо былі гэтыя размовы аб тым, што ў Беларусі больш высокі ўзровень падтрымкі і трэба гэта выраўноўваць, каб стварыць роўныя ўмовы», – тлумачыць ён.

Умовы для Менску непрымальныя

На думку адмыслоўцаў, абмежаванне абʼёмаў экспарту ў Расею пазбавіць нашую краіну даходаў ад кантрабанды туды заходніх харчоў, якія, паводле некаторых ацэнак, складаюць да чвэрці малочнага экспарту і, у адрозненне ад айчынных вырабаў, прыносяць прыбытак. А зніжэнне датацыяў сялу да расейскага ўзроўню азначала б масавае банкруцтва стратных калгасаў. Адмаўляючыся выраўняць умовы на сельскагаспадарчым рынку, Менск, аднак, патрабуе іх выраўняць у газавай справе.

«У суседніх з Беларуссю рэгіёнах цана газу ўдвая таннейшая, чым у Беларусі. Відавочна, што канкурэнтаздольнасць тавараў, якія Беларусь вырабляе, будзе нашмат горшая, чым расейскіх», – скардзіцца беларускі прэмʼер.

Цягам апошніх двух тыдняў прадстаўнікі і расейскага боку, і беларускага абнадзеілі сваіх грамадзянаў анонсам, што дамовы ўдасца дасягнуць да канца гэтага тыдня. Але гэткая фармулёўка штомесяц гучыць яшчэ з верасня.

Учора закончыўся чарговы раўнд перамоваў. Практычна дамовіліся

Але пакуль, як паведаміў сёння прадстаўнік расейскай трубаправоднай кампаніі «Транснефть», на наступны квартал Расея плануе паставіць у Беларусь не шэсць мільёнаў тонаў нафты, як прадугледжвае пагадненне, а чатыры з паловаю – на чвэрць менш. Адмыслоўцы тлумачаць: такое зніжэнне можа паставіць пад пытанне здольнасць уладаў выплачваць замежную запазычанасць. Бо палову гэтых плацяжоў планавалася ўзяць з экспартавых мытаў на нафтапрадукты, а выходзіць, паводле Сяргея Жбанава, толькі чвэрць.

«Праблема на наступны год – дзе мы ўвогуле будзем шукаць валюту, каб абслугоўваць замежны доўг. Таму і ня можа радзіма нам падняць ні заробкі, ні пенсіі», – падсумоўвае аглядальнік «Белгазеты».

Такім чынам, на дзейных перамовах паміж партнёрамі з Еўразійскага саюзу Расея настойвае на роўных умовах для рынку сельскай гаспадаркі ды электраэнергіі, а Менск хоча роўнасці на рынку газу. Незалежна ад таго, удасца дасягнуць кампрамісу да новага года ці не, адмыслоўцы з упэўненасцю кажуць адно: расейскія датацыі, за кошт якіх існавала дагэтуль беларуская эканамічная мадэль, будуць істотна зменшаныя.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: ria.ru