Рашучая перамога зуброў над «Слованам»


Хакей

Асноўнымі прычынамі перамогі менскага «Дынама» над «Слованам» з Браціславы ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі галоўны трэнер «зуброў» Гордзі Дўаер назваў тое, што хлопцы выйшлі з рашучасцю змагацца за перамогу і дзеялі строга згодна з устаноўкаю на матч. Калі так, зыходзячы з працяглых серыяў паразаў, бывае далёка не заўсёды, то выклікае пытанне ўзровень кіравальнасці камандаю. Зрэшты, паглядзець на гэты поспех можна і з іншага боку – «Слован» згуляў яшчэ горш.

«Дынама» перамагло 3:1, а шайбы былі закінутыя ў першым і другім перыядах. І ўсе галы здарыліся пры колькаснай перавазе. У менскага «Дынама» ніхто з беларусаў не запісаў на свой рахунак выніковага балу. Восьмаю шайбаю за сезон вызначыўся Джэк Скілі. На матчы быў усталяваны сёлетні антырэкорд глядацкіх сімпатыяў менчукоў і гасцей сталіцы – усяго восем з паловаю тысячаў гледачоў. Гэты год «Дынама» працягне і скончыць двубоямі з санкт-пецярбургскім СКА. 19 снежня там, 29-га – тут. Паміж гэтым паўстануць Яраслаўль, Тальяці, Чэлябінск.

Допінгавы скандал

Міжнародны алімпійскі камітэт ануляваў сёння вынік чвэрцьфіналісткі турніру – жаночай зборнай Расеі па хакеі з шайбаю на Гульнях 2014 года ў Сочы. Рашэнне прынялі на падставе працы камісіі Дэніса Озвалда. Пры гэтым МАК пажыццёва адхіліў ад удзелу ў Гульнях шасцёх хакеістак зборнай Расеі, якія, паводле заявы, парушылі антыдопінгавыя правілы. Але справу Ганны Шохінай – закрылі, і нападніца падмаскоўнага «Тарнада» да наступнай Алімпіяды дапушчаная. Шохіна стала другою расейскаю спартоўкай, якая праходзіла Ў «Справе Озвалда» і была апраўданая.

Раней прэтэнзіі былі знятыя ў адносінах да алімпійскай чэмпіёнкі па фігурным катанні Адэліны Сотнікавай. І пакуль, паводле непацверджанай інфармацыі, закрытая справа і ў адносінах да кёрлінгісткі Кацярыны Галкінай. Але сёння ў другой палове дня стала вядома, што колькасць дысцыплінарных справаў для расейскіх спартоўцаў узрасла з 36-ці да 46-ці.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: hcdinamo.by