Расея – Вялікай Брытаніі: «Вярніце Мальдывы і Гібралтар»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/nAQWXzjAp2U”][vc_column_text]Захад не адменіць санкцыяў супраць Расеі, пакуль Крым не вернецца ў склад Украіны.

Пакуль Крым будзе заставацца расейскім, аб адмене санкцыяў з боку ЗША не можа быць і гаворкі. Пад час паседжання Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў прадстаўнікі краінаў Еўропы і ЗША ў чарговы раз заклікалі Расею выканаць Менскія пагадненні і спыніць узбройваць сепаратыстаў Данбасу і Луганску.

«Крым з’яўляецца часткай Украіны, – заяўляе прадстаўніца ЗША ў ААН Нікі Гэйлі. – Нашыя крымскія санкцыі будуць захоўваць моц да тае пары, пакуль Расея не верне кантроль над паўвостравам Украіне».

Пазіцыю Злучаных Штатаў адназначна падтрымала і Вялікая Брытанія – прадстаўнік Каралеўства ў ААН заклікаў Крэмль вярнуць Крым Украіне.

«Злучанае Каралеўства будзе працягваць падтрымліваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», – заявіў пасол Вялікай Брытаніі ў ААН Мэт’ю Райкрафт.

У адказ прадстаўнік Расеі ў ААН Уладзімір Чуркін спаслаўся на вынікі непрызнанага міжнароднай супольнасцю крымскага рэферэндуму.

«Што тычацца пазіцыі Злучанага Каралеўства, то я хачу параіць: вярніце Мальдывы, вярніце Гібралтар, частку Кіпра. Вярніце архіпелаг Чагос у Індыйскім акіяне, дзе вы зрабілі вялізную ваенную базу. Тады ваша сумленне можа быць будзе больш чыстае», – заявіў Чуркін.

Пакуль чыноўнікі ААН высвятляюць чыё сумленне чысцей, сепаратысты працягваюць абстрэльваць пазіцыі ўкраінскіх войскаў і жылыя кварталы. За апошнія суткі ўкраінскія ваенныя зафіксавалі 114 абстрэлаў. Загінулі 4 жаўнеры, 17 атрымалі раненні.

Эканамічныя санкцыі супраць Расеі праз анексію Крыму вымушаюць Уладзіміра Пуціна шукаць пастаянных саюзнікаў сярод краін Еўразвязу, дзе яго апошнім часам не вітаюць. Гэтак сёння ён наведаў Вугоршчыну. Прэмʼер краіны Віктар Орбан, вядомы сваймі дэкларатыўнымі прарасейскімі настроямі, заявіў, што «цяперашняя трансфармацыя стварае больш спрыяльныя ўмовы для расейска-еўрапейскага, і вугорска-расейскай супрацы, чым гэта было ў апошнія гады».

«Мяркую, аснова для міру паміж Расеяй і Еўрапейскім звязам будзе ўсталяваная», – заявіў Орбан.

Афіцыйная сустрэча прайшла шматабяцальна для Пуціна, на вуліцах Будапешту, аднак, Пуціна сустрэлі пратэстоўцы з плакатамі «Мы не хочам быць калоніяй!».

Ігар Віняўскі