Расея пазычыла мільярд. Радавацца ці не?


Далей у пазыкі. Беларусь атрымае ад Расеі чарговы $ 1 мрд. долараў крэдыту. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні ўраду Уладзімір Сямашка. Пакуль не агалошваецца, калі і на якіх умовах будуць вылучаны грошы. Ужо сёння эканамісты кажуць, што новыя грошы ад Масквы не развяжуць эканамічных праблемаў краіны, а толькі паглыбяць палітычную залежнасць ад Крамля.

Мець даўгі не любіць ніхто

Аднак да камфорту ў гэтым плане ў Беларусі ўсё яшчэ далёка. Над кожным беларусам – хоча ён таго ці не – як хмара вісіць сплата дзяржаўных крэдытаў.

Яшчэ да нядаўна, паводле некаторых эканамістаў, на кожнага працоўнага беларуса прыходзілася па больш як $ 4 тыс. дзяржаўнай запазычанасці. Толькі замежныя даўгі Беларусі складаюць $ 13.5 млрд. Аднак гэтая сума можа хутка павялічыцца. Краіна атрымае трэці ды чацверты транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

«Кожны па $ 300 млн. – разам $ 600 прыйдзе ў Беларусь на вельмі карысных умовах. Нават было зробленае даручэнне, каб дадаткова вылучыць каля $ 1 млрд. крэдыту таксама на добрых умовах», – шчасліва адрапартаваў Уладзімір Сямашка, віцэ-прэмʼер Беларусі.

Перспектыва новага расейскага крэдыту сталася радаснаю навіной у дзяржаўных медыях. Больш як імаверна, абяцанне новых грошай ад Масквы – гэта вынік нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Што праўда, у якасці галоўнага дасягнення раней агалошвалі развязанне спрэчных пытанняў у нафтагазавай сферы.

Радавацца ці не? Эканамісты мяркуюць

«Крэдыты маюць сэнс, калі мы бяром грошы, заўтра ўкладваем іх у эканоміку, паслязаўтра ў нас расце абʼём вытворчасці і прыбыткі. За кошт гэтых прыбыткаў вяртаецца крэдыт. Калі гэтага няма, тады кажам, што крэдыты праядаюцца», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Каб крэдыты не праядаліся, неабходныя эканамічныя рэформы

А іх у Беларусі пакуль няма. Такім чынам эканамічная залежнасць ад Расеі пераходзіць у палітычную. Яе наступствы прадбачыць цяжка, а гэта можа ствараць усё новыя пагрозы.

«Расея можа ў кожную хвіліну патрабаваць выкананне графіку вяртання пазыкаў і адсоткаў. На гэта Беларусь пайсці не можа, таму мы заўсёды на кручку ў Расеі», – звяртае ўвагу метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Замежныя даўгі Беларусі – каля 30 % валавога ўнутранага прадукту

Гэта шмат. Пазыкі дзяржавы – кепская навіна для насельніцтва. Грошы трэба будзе аддаваць доўгія гады.

А даўгоў можа быць усё болей. У сітуацыі працяглага эканамічнага крызісу дзяржава вымушаная пазычаць чарговыя сумы. Сплата вонкавай запазычанасці без новых крэдытаў даўно сталася нерэальнаю.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum