«Расея – нашая бяда», адпомсцім санкцыёнкай!


Чвэрць мільёна тонаў памідораў, менавіта столькі «шэрага» імпарту трапіла сёлета ў Расею паводле падлікаў кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта. Лічбы чыноўнік агучыў на форуме «Шклярні Расеі» Невядома, колькі таматаў патрапіла ў Расею праз Беларусь, але спынілі з гэтага кроплю ў моры. Гэтак, толькі ў лістападзе ўсёй санкцыйнай садавіны і гародніны з Беларусі затрымалі 450 тонаў.

Спробу лыжкай акіян вычарпаць

«Рассельгаснагляд» не першы год змагаецца з рээкспартам праз Беларусь санкцыйных тавараў. Але актыўнасць Масквы ў гэтым кірунку больш нагадвае гульню ў ката і мыш. Пакуль расейскія чыноўнікі абмяжоўваюць пастаўкі забароненых турэцкіх таматаў, з Беларусі актыўна нарастае, напрыклад, экспарт хурмы.

4-га снежня «Рассельгаснагляд» зняў абмежаванні на пастаўку расліннай прадукцыі з трох фермерскіх гаспадарак Берасцейскае вобласці. У тым ліку з альшанскай гаспадаркі «Гедэон», якая вырошчвае яблыкі. А ўжо на наступны дзень у Смаленску ведамства затрымала чарговыя 17 тонаў украінскіх яблыкаў з Беларусі, і забараніла ўвоз садавіны, між іншага, гаспадарцы «Палессе-ГМІ» з Альшанаў. Адметна, што памілаваны «Гедэон» і пакаранае «Палессе-ГМІ», хутчэй за ўсё, бізнес адной і той жа сям’і.

«Калі мы на гэтым зарабляем то вельмі добра. Бо Расея гэта нашая бяда, што мы з імі суседзі», – іранічна пракаментаваў гандлёвую вайну«Белсату» звычайны мінак.

Не толькі ў яблыках і таматах справа

Сёння Расея забараніла ўвоз рыбы з аднаго з магілёўскіх заводаў і ўвоз мяса з віцебскага супольнага беларуска-аўстрыйскага прадпрыемства «БАК». На меркаванне расейскіх кантралёраў, апошняя фірма займалася рээкспартам санкцыйнага мяса.

«Беларусь выкарыстоўваецца як пляцоўка праз якую ідуць тавары, львіная частка грошай застаецца ў Расеі. Зразумела, што каб працаваць у гэтым сегменце рынку трэба мець добры »дах« у праваахоўных органах. Так што гэта перш за ўсё гульня сілавых структураў», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Што кажуць у Расеі?

Пільная ўвага кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверта падчас форуму «Шклярні Расеі» была скіраваная да малочнае прамысловасці.

«Нашыя беларускія калегі не могуць выпускаць прадукцыю з нармальным утрыманнем бялкоў, і ў сілу хіба нейкае пэўнае сквапнасці пачынаюць «хімічыць», – зазначыў чыноўнік.

Не падабаецца Сяргею Данкверту факт закупаў беларускімі прадпрыемствамі малака ў Польшчы, якое пазней, нібыта, наўпрост ідзе на Расею. Праўда, усё гэтае змаганне з рээкспартам не больш як дымавая заслона.

Зарабляюць на кантрабандзе абодва бакі

«Усё залежыць ад таго хто на гэтым будзе карміцца. Якія чыноўнікі, чые мытнікі, каторыя кантралёры…. Ідзе разбор якія кланы будуць карміцца ад гэтага струменьчыка грошаў. Бо калі Пуцін нешта хоча, ён гэта робіць», – даводзіць спадар Раманчук.

Прысутны на тым самым форуме расейскі міністр сельскае гаспадаркі Аляксандр Ткачоў быў вельмі радыкальны ў заявах, маўляў, была б ягоная воля, ён бы і машыны з санкцыёнкай сканфіскоўваў і крымінальны пераслед у такіх справах увёў. Але, як відаць, за 3 гады працы контрсанкцыяў у Крамлі такой жа волі, як у Ткачова, не маюць.

Ігар Кулей, «Белсат»