Расея нас абароніць у вайне. Ад каго?


Амбасадар Расейскай Федэрацыі ў нашай краіне Міхаіл Бабіч паабяцаў, што войскі нашых усходніх суседзяў абавязкова ўмяшаюцца ў выпадку вайсковай агрэсіі супраць Беларусі. Пра гэта дыпламат заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», каментуючы магчымае з’яўленне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы. Як і ад каго нас сабраліся абараняць у Расеі?

Беларусь абароненая і можа быць абсалютна спакойная – заявіў прадстаўнік Крамля ў нашай краіне. Паводле Міхаіла Бабіча, кожны напад на Беларусь будзе расцэньвацца як напад на Расею. Гэтак дыпламат адказаў на занепакоенае пытанне журналіста «Беларусь-1» аб магчымым стварэнні амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы. Там здзіўленыя гэткай рэакцыяй.

«Варшава не бачыць ворага ў Беларусі, а ў Расеі. Ды не столькі ворага, колькі патэнцыйнага агрэсара. Але паколькі Расея ўжо мае прынамсі радыёлакацыйную станцыю ў Беларусі, ішла гаворка пра авіябазу ў Баранавічах, польскія штабісты бачаць патэнцыйную пагрозу і тут», – кажа Павал Флейшер з варшаўскага Інстытуту прагнозаў і міжнародных даследаванняў.

Расейцы гатовыя абараняць расейскамоўных – прынамсі гэтак тлумачаць агрэсію на ўсходзе Украіны, сірыйцаў і, як заявіў нядаўна прэс-сакратар расейскага лідара, – не застануцца без абароны і праваслаўныя. Але тое Крэмль. Ці захочуць ваяваць самыя расейцы?

«Ну ў прынцыпе я згодны, што калі нападуць на Беларусь – гэта тое ж самае, што нападуць на нас».

«Хто б ні нападаў – трэба, я лічу абараніць. Былі ж у СССР адным народам, і цяпер, я лічу – нічога не змянілася».

«Ну, агулам, калі Радзіма папросіць, то давядзецца».

Апошнім часам у Расеі ўсё часцей разважаюць пра патэнцыйны канфлікт з заходнім светам і пра тое, як будуць абараняцца.

«Агрэсар – ён усё адно мусіць ведаць, што расплата непазбежная, што ён усё адно будзе знішчаны, а мы – ахвяры агрэсіі, і мы, як пакутнікі, – трапім на нябёсы. А яны – проста здохнуць», – казаў Уладзімір Пуцін.

Цяжка сказаць – куды трапяць беларусы паводле логікі расейскага лідара, паколькі абараняць нас абяцаюць не толькі ў Маскве. Памочнік дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл днямі паабяцаў падтрымаць краіны Усходняй Еўропы, якія ёсць надзейным бастыёнам абароны ад расейскага неаімперыялізму.

«То бок Беларусь трапляе ў сітуацыю, калі яе збіраюцца абараняць з двух бакоў. З аднаго боку – гэтае дае пэўнае поле для манеўру. Але з іншага, калі сапраўды пачнецца гонка ўзбраення, то Беларусі будзе цяжка ўстрымацца ад таго, каб пайсці насустрач Расеі», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Тэрмін «гонка ўзбраення» мае ўсе шанцы паўнавартасна вярнуцца ўва ўжытак. Напярэдадні Доналд Трамп заявіў пра намер выйсці з дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой дальнасці.

«Калі Расея захоча зрабіць пэўны адказ на дзеянні ЗША, ці наадварот – хто тут першы пачне… То можа актуалізавацца пытанне пра расейскую базу ў Беларусі. Але гэта будзе хутчэй за ўсё не авіябаза, як раней ішла гаворка, – гэта хутчэй за ўсё будзе ракетная база», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Калі Масква і Вашынґтон сапраўды выйдуць з дамовы часоў Рэйгана і Гарбачова, там могуць быць размешчаныя не проста комплексы «Іскандэр» з абмежаваннем дальнасці на 500 кіламетраў, а нават балістычныя ракеты з большай дальнасцю – у дзесяць разоў.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu