Расея і Беларусь спрачаюцца за газ ужо трынаццаць месяцаў


Без расейскай нафты будзе цяжка, але пражывем, казаў у пятніцу Аляксандр Лукашэнка. Калі браць пад увагу хаду перамоваў паміж Масквой і Менскам, такі сцэнар выглядае ўсё больш рэальным. Чарговая спроба развязаць паліўны канфлікт – безвыніковая. Пра гэта паведаміў віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч пасля сустрэчы з беларускім калегам Уладзімірам Сямашкам. Тым часам, сам Лукашэнка ў Маскву не спяшаецца – анансаваная раней сустрэча з Пуціным адкладаецца.

Пакуль зрухаў у перамовах няма

«Чакаем новых прапановаў ад нашых калегаў. Але, у любым выпадку, мы чакаем аплаты за 2016-ты год» – адрапартаваў пра перамовы з Менскам адносна кошту на газ віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч.

Існая спрэчка – адная з самых працяглых у гісторыі дзвюх краінаў

Пасля трынаццаці месяцаў супрацьстаяння ніводзін з бакоў па-ранейшаму не ідзе на саступкі.

«Адбываецца такі дзіўны парадокс. Калі ў замежнай палітыцы Беларусь становіцца ўсё больш незалежнай. А ў эканоміцы Беларусь усё больш залежная ад Расеі. Доля Расеі ў замежным гандлі ў 2016 годзе вырасла да 45 %, хаця за год да гэтага яна была 38-39 %. І гэты парадокс неяк павінен быў выліцца ў канфлікт», – зазначыў палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Расея працягвае скарачаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ

Нафтаперапрацоўчыя заводы забяспечваюць найвялікшую долю валютнай выручкі нашай краіны. Як паведамілі нам у міжнародным коштавым агенцтве «Аргус», у студзені па трубаправодах «Транснефці» ў Беларусь паступіла менш за паўтара мільёна тонаў сыравіны.

Калі канфлікт не будзе развязаны, гэта азначае, што сёлета пастаўкі нафты знізяцца на 10 % у параўнанні з мінулым годам, калі яны ўжо былі на чвэрць меншыя за пазалеташнія.

На недаплатах за газ Беларусь выйграе прыблізна ў паўтара разу болей, чымся страчвае

Але Масква ўжывае і іншыя рычагі ціску.

«Сюды дадаюцца пытанні і беларускага газу, і беларускай малочкі, і беларускіх, гэтак-званых беларускіх рыбапрадуктаў», – патлумачыў эканаміст Вадзім Іосуб.

Менск у адказ сабатуе інтэграцыйныя працэсы з Расеяй

З Еўразійскай камісіі былі адкліканыя беларускія ўрадоўцы, а Аляксандр Лукашэнка адмовіўся падпісаць новы Мытны кодэкс саюзу.

«Без вырашэння гэтых праблемаў я нават не дакрануся да гэтага кодэксу. І да іншых пытанняў. Таму што гэта – жыццё нашай дзяржавы», – даводзіў кіраўнік Беларусі.

У адказ Масква ўвяла на мяжы з Беларуссю памежную зону

Аднак татальнага правярання пашпартоў на мяжы ФСБ пакуль не ўводзіць, але дэманструе такім чынам гатовасць ускладніць пастаўку ў Расею і іншых беларускіх тавараў, апрача харчовых, супраць якіх ужо дзеіць шэраг абмежаванняў «Рассельгаснагляду».

«Цяжка рабіць прагнозы нейкія, але я думаю, што канфлікт будзе вырашаны, таму, што ніводзін бок не зацікаўлены канчаткова спальваць масты і рваць адносіны», – падсумаваў Валер Карбалевіч.

Беларусь плаціць за газ на 20 % меней, чымся зазначана ў кантракце

Сінявокая патрабуе ўнутрырасейскай або прынамсі блізкай да яе цаны на газ.

На канец студзеня запазычанасць перад «Газпромам» пераваліла за паўмільярда долараў

Магчымага развязання гэтай спрэчкі чакалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Маскве, запланаванай на гэты чацвер. Але пасля безвыніковай сустрэчы віцэ-прэмʼераў у суботу Лукашэнка ехаць да свайго калегі адмовіўся. Афіцыйная прычына – няўзгодненасць графікаў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Yekaterina Shtukina / TASS / Forum