Аб'ектыў 09.06.2018 Расея хоча абмежаваць вонкавую палітыку Беларусі


У кітайскім Цындао, куды Аляксандр Лукашэнка прыляцеў напярэдадні саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, кіраўніка Беларусі гасцінна сустрэлі афіцыйныя асобы. А ўжо ў першы дзень з’езду – сустрэўся з прэзідэнтам Ірану, а таксама з мангольскім лідарам падчас двухбаковай сустрэчы.

Удзел у саміце, хутчэй, іміджавая справа, сцвярджаюць палітолагі. Статус назіральніка, які мае нашая краіна, дазваляе прысутнічаць на паседжаннях высокага ўзроўню з удзелам кіраўнікоў краінаў і ўраду, міністраў замежных справаў.

«То бок мы павялічваем нашую інфармаванасць аб тых справах, якія адбываюцца ў рэгіёне на прасторы гэтай арганізацыі», – кажа Арсень Сівіцкі з Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Між тым пашырыць супрацоўніцтва Беларусь намагаецца не толькі з краінамі Азіі. Апошнія гады Лукашэнка спрабуе балансаваць паміж інтарэсамі Захаду і Расеі.

Што праўда асноўны эканамічны і палітычны партнёр Беларусі ўжо даўно спрабуе выключыць для нашае краіны любую стратэгію палітычнага балансавання ды самастойнасці ваеннай палітыкі. А менавіта – прыярытэту не быць уцягнутым у канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам ды Расеяй і Украінай, лічыць палітолаг Арсень Сівіцкі:

«З гэтай пазіцыяй не вельмі згодныя ў Крамлі. І для Расеі такой аптымальнай мадэллю было б перафарматаванне беларуска-расейскіх стасункаў, так званая «армянская мадэль», даволі глыбокай ваенна-палітычнай інтэграцыі, дзе па сутнасці без Расеі не прымаецца ніводнае стратэгічнае рашэнне».

Узмацненне ціску на афіцыйны Менск, у тым ліку ў пытанні стварэння расейскай вайсковай базы ў Беларусі, можна чакаць ужо напярэдадні наступных прэзідэнцкіх выбараў у нашае краіне, у 2019-2020 гг., цвердзяць адмыслоўцы з Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычнах даследаванняў. А таму ў Лукашэнкі засталося не так шмат часу, каб здзейсніць захады для рэальнай незалежнасці ад Расеі, і дабіцца альтэрнатыўных прапановаў ад Захаду.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Mikhail Metzel/TASS/ Forum

Глядзі таксама
Каментары