Расея адправіць беларускую гаспадарку ў... рэцэсію?


Аляксандр Лукашэнка традыцыйна выправіўся ў Сочы, каб сустрэцца з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Афіцыйна кіраўнікі дзвюх краінаў абмяркуюць развіццё супрацы ў інтэграцыйных аб’яднаннях. Толькі калі адкінуць афіцыёз, то, падобна, абодвух палітыкаў чакае цяжкая размова.

Апошнім часам афіцыйныя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным усё больш нагадваюць тушэнне хаты шклянкамі з вадой. Не паспяваеш заліць печ, як ужо дах гарыць. Вось і гэтым разам, толькі тры месяцы таму бачыліся ў тым жа Сочы, як спіс праблемаў зноўку кіламетровы: ад набалелых нафтавых, крэдытавых і малочных да пытання новага амбасадара і пратэкцыянізму ў прамысловасці.

«Па ранейшай гісторыі адносінаў паміж Крамлём і Лукашэнкам мы ведаем, што ягоныя дамоўленасці заўсёды спрыялі захаванню ягонае ўлады ў Беларусі. Памятаем 2005 і 2010 год. Бакі спачатку падымалі градус адносінаў, а пазней усё ж такі дамаўляліся», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

У такім жа ключы выказваюцца ў Крамлі. Праблемы ў двухбаковых дачыненнях там называюць не больш як… шурпатасцямі.

«Аб’ём адносінаў Масквы і Менску ўва ўсіх сферах настолькі вялікі, што гэтыя адносіны не могуць існаваць без шурпатасцяў. Гэта працоўныя няроўнасці, якія ўрэгулююцца», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Але для Беларусі гэта далёка не шурпатасць. Праблема расейскага падатковага манеўру, які пачне дзеяць з пачатку новага года і які можа пазбавіць Менск прыбыткаў на амаль 4 % ад усяго валавога прадукту краіны, носіць для Беларусі стратэгічны характар. Толькі гэтага расейскага кроку хопіць, каб адправіць айчынную гаспадарку ў рэцэсію на некалькі бліжэйшых гадоў. Ці варта тады дзівіцца заявам Лукашэнкі пра варварскае стаўленне Расеі ды пра тое, што нашая краіна заціснутая з абодвух бакоў? Усё гэта толькі словы, кажа расейскі палітолаг Аляксандр Канфісахар.

«Калі Лукашэнку трэба зблізіцца з Расеяй, ён пачынае рабіць у гэтым кірунку крокі, нават нягледзячы на тое, што казаў яшчэ месяц таму. Калі яму трэба паказаць, што Беларусь – незалежная краіна, то ён жорстка, але трапна крытыкуе ўзаемадачыненні з Расеяй, крытыкуе стаўленне Расеі да Беларусі і да яго асабіста», – мяркуе палітолаг Аляксандр Канфісахар.

Сочынская сустрэча пройдзе ў паўафіцыйнай абстаноўцы, на ёй не будзе дзясяткаў чыноўнікаў ды абʼектываў прэсы. Лукашэнка і Пуцін будуць дамаўляцца прыватна. Вынікі папярэдніх спатканняў даводзяць, што ў такіх умовах палітыкі знойдуць паразуменне, нават у самых цяжкіх пытаннях.

«У Лукашэнкі атрымаецца дамовіцца, ён дасведчаны палітык. Але і кіраўніцтва Расеі разумее, што ім нельга губляць Беларусь як надзейнага партнёра ў міжнародных дачыненнях. Бо калі мы паглядзім, хто сёння мае добрыя партнёрскія стасункі з Расеяй, то прыйдзем да сумнай высновы», – мяркуе палітолаг Аляксандр Канфісахар.

Але, як гэта таксама ўжо не аднойчы было, дамоўленасці, дасягнутыя на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх краінаў, пазней проста не выконваюцца.

Дастаткова ўзгадаць знакамітае лукашэнкаўскае: «Валодзя, не псуй вечар». А таму ў адносінах з нашай усходняю суседкаю сачыць трэба не за словамі, а за дзеяннямі.

Ігар Кулей belsat.eu