Расея адмаўляецца ад беларускай кураціны ды ялавічыны


Беларусь стварыла сістэму, арыентаваную на рээкспарт

З гэткімі закідамі выступіў у пятніцу кіраўнік «Рассельгаснагляду». На гэтым тыдні расейскае санітарнае ведамства пагражае перайсці ад прэтэнзіяў і пагрозаў – да рэзкіх захадаў.

Прэтэнзіі «Рассельгаснагляду», абнародаваныя сёння, датычаць прысутнасці лістэрыяў, сальманэлы ды іншых шкодных рэчываў у прадукцыі прадпрыемстваў «Сервалюкс», мясакамбінатаў Кошалева ды Аршанскага кансервавага. Раней расейцы звінавацілі беларускія кампаніі «Лельчыцкае райпо» і» Анэксімпрад» у тым, што яны рээкспартуюць украінскую Ялавічыну. Былы прадпрымальнік Сяргей Скрабец, які перапрацоўваў польскае мяса для экспарту тушаніны ў Расею, пацвярджае: рээкспартам еўрапейскіх харчоў у Расею Беларусь займаецца яшчэ з 90-ых.

«Спярша гэта былі амерыканскія кумпякі – вялізныя партыі. Гэта былі вялізныя партыі спірту. Потым гэта былі тысячы тон цукру польскага – як беларускі. Потым гэта была тушаніна розных відаў, шакалад», – распавядае спадар Скрабец.

На прадпрыемстве «Анэксімпрад» закіды «Рассельгаснагляду» адхіляюць

Вытворца заяўляе, што іх прадукцыя – гэта не рээкспарт, а перапрацаванае мяса, якое Беларусь можа экспартаваць: у Расею незалежна ад таго, з якой краіны паходзіць сыравіна. Прадпрыемства, у сваю чаргу вінаваціць «Рассельгаснагляд» у тым, што той змяняе правілы гульні дзеля таго, каб націснуць на Беларусь.

Аднак па адрасе, указаным на сайце «Анэксімпраду», шыльды з назваю кампаніі няма. Ёсць шмат іншых, бо ўказаны будынак прадае юрыдычныя адрасы фірмам, якія, напрыклад, не маюць рэальнага штату, які б працаваў у офісе, а патрабуюць толькі афіцыйную рэгістрацыю ды паштовую скрыню.

«Існуюць такія фірмы – гэтак званыя аднадзёнкі рээкспартныя, якія, з дапамогай расейскага капіталу тут рэгіструюцца, атрымліваюць дазволы санэпідэмстанцыі і пачынаюць рэйкспарт гэтай прадукцыі як беларускай», – тлумачыць Сяргей Скрабец.

«Рассельгаснагляд» настаўлены рашуча

Паводле яго кіраўніка Сяргея Данкверта, сёння ці заўтра ведамства правядзе перамовы з беларускім бокам аб прынцыповым развязанні праблемы з кантрабандаю. У выпадку, калі вынік не задаволіць Расеі, тая пагражае забараніць імпарт харчоў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласці. Сёлета беларускі экспарт Ялавічыны ў Расею павялічыўся на 18 тысяч тонаў. Прыблізна на столькі ж вырас яе імпарт з Украіны. Харчовая прадукцыя – адзін з найбуйнейшых артыкулаў беларускага экспарту. Пераважная бальшыня яго ідзе ў Расею.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, Sorokin Donat / TASS / Forum