Расейцы не вераць беларускім аўтамабілям


У тры разы менш машынаў, чым планавалася, выпусціць сёлета завод «БелДжы». Ці мае будучыню беларуска-кітайская вытворчасць аўтамабіляў? З чым звязаныя няўдачы аўтазаводу?

25 тысячаў – менавіта столькі аўтамабіляў планаваў выпусціць у 2018-ым годзе пабудаваны летась каля Барысава завод «БелДжы». Год паволі падыходзіць да завяршэння, і завод агучвае ўжо новыя, нашмат больш сціплыя планы. Да канца года плануецца прадаць усяго 9 тысяч аўтамабіляў.

Мэтавы рынак «БелДжы» – расейскі. Менавіта туды плануюць пастаўляць чатыры пятыя выпушчаных аўтаў. Толькі ці ёсць на іх попыт? Жыхары Вялікага Ноўгараду (Расея):

«Беларуская вытворчасць лічыцца добрай, але што атрымаецца з кітайскага арыгіналу – невядома».

«У нас зімою вельмі шмат рэагентаў на вуліцу высыпаюць, таму ў машынаў пастаянна праблемы з кузавам».

«Я кітайцам не давяраю. Хай сабе і з Беларусі – а ўсё роўна «кітайцы».

«Не веру я ім. Ані ў плане надзейнасці, ані ў плане бяспекі».

«Не люблю кітайскія аўтамабілі. Навошта яны, калі ёсць нямецкія, напрыклад».

У апублікаваным нядаўна рэйтынгу аўтамабіляў, якія найчасцей прадаюцца ў Расеі, няма ніводнага кітайскага. «Джылі» – гэта высакаякасны аўтамабіль, але расейскі рынак гэтага яшчэ не зразумеў, адзначаюць эксперты. Зміцер Навіцкі, аўтамабільны эксперт:

«Карпарацыя «Джылі» набыла пакет акцыяў карпарацыі «Volvo», і яны нядаўна набылі пакет акцыяў карпарацыі «Daimler». Яны вельмі хутка растуць, і якасць аўтамабіляў таксама вельмі хутка расце».

Аднак за якасць трэба плаціць. У Барысаве выпускаюць тры мадэлі коштам ад 12-ці да 17-ці тысяч долараў. Самы танны, «Джылі Эмґранд», каштуе як заробак сярэдняга беларуса за два гады, а на прадстаўнічы «Джылі Атлас» трэба будзе адкласці тры гадавыя заработныя платы.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (17.11.2017):

«Ураду даручана распрацаваць захады, якія дазволяць нам хаця б 60 тысяч аўтамабіляў прадаваць на ўнутраным і на вонкавым рынках».

Менавіта на такую магутнасць разлічаны завод у Барысаве. Яго будоўля каштавала 400 мільёнаў долараў. Аднак пакуль беларуска-кітайскае прадпрыемства працуе толькі на 15 адсоткаў магутнасці. Маркетолагам не ўдалося прывабіць расейскага пакупніка. Зміцер Навіцкі, аўтамабільны эксперт:

«Гэта нармальныя, прыстойныя аўтамабілі. Калі рынак гэта зразумее, пачнуць купляць. Але будзем казаць шчыра: дылерская сетка ў Расеі не вельмі развітая. У буйных гарадах яны ёсць, але далей за Краснаярск няма нічога».

Праблемы адчувае не толькі аўтазавод. Мільёны бюджэтных долараў, нядаўна ўкладзеныя ў мадэрнізацыю іншых галінаў прамысловасці, пакуль не прынеслі аддачы.

Аднак праблемы дзяржаўных заводаў іншыя – нізкая якасць кіравання і адсутнасць матывацыі дырэктараў. Мікалай Маслоўскі, блогер, эканаміст:

«Людзі будуюць гэта не за свае грошы, а за грошы падаткаплатнікаў, дзяржаўныя грошы. Нейкай асабістай адказнасці і ключавога паказніка эфектыўнасці, які паказваў тое, што ты зрабіў правальны праект, таму два гады будзеш сядзець без прэміі, яго няма».

На думку экспертаў, у «Джылі» ёсць шанцы стаць паспяховай інвестыцыяй. Аднак калі маркетолагам кампаніі не ўдасца стварыць дылерскай сеткі ў Расеі ды падняць давер да брэнду, беларуска-кітайскі завод можа напаткаць сумны лёс ранейшых беларускіх аўтапраектаў – «Форду» і «Саманду».

Аляксандр Папко, belsat.eu