Расейцы ідуць на «Смерць Сталіна» у менскія кінатэатры


На раніцу перад прэм’ерным паказам фільму «Смерць Сталіна» у Менску прадалі больш за 75 %. Акурат гэты кінатэатр у гандлёвым цэнтры «Галілео» стаў адной з трох пляцовак, дзе цягам бліжэйшых двух тыдняў будуць дэманстраваць стужку.

Сярод ахвочых пабачыць яе – не толькі грамадзяне Беларусі. Але і тыя, хто ня з чутак знаёмы з рознага плану абмежаваннямі.

«Я з Расеі, і пайшла на гэты фільм толькі таму, што ў Расеі ён забаронены. І хачу зразумець, чаму ў Рэспубліцы Беларусь, не зважаючы на тое, што мы ў адной саюзнай дзяржаве, ён адкрыты да паказу. Хачу пабачыць, ці там насамрэч ёсць цэнзура. І разабрацца, як так сталася, можа, нашая краіна не мае рацыі», – чуем перад уваходам.

Паглядзець ужо скандальна вядомы англа-французскі твор сёння было магчыма і ў іншых кінатэатрах сеткі «Сілвэр Скрын» ды Фолкан Клаб Буцік Кіно.

«Тое, што ў Расеі яго забаранілі – гэта вялікае глупства. Гэтым яны стварылі фільму вялізную рэкламу. Раней у кіно было тры сеансы, а зараз квіткі прададзеныя на ўсе восем», – кажуць наведнікі кінатэатру у г/ц «Дана Мол».

Рэйтынг фільму, паводле Internet Movie Database – найбуйнейшай у свеце базы дадзеных кінафільмаў, – складае амаль восем з дзесяці магчымых пунктаў. Расейскі «Кинопоиск» дае сем з дзесяці. Аднак, ці не выкліканыя папулярнасць стужкі і адносна высокія адзнакі не мастацкай вартасцю, а ёйнай скандальнасцю?

«Мы маем справу з даволі выразным, прафесійным, вытанчаным, я б сказаў, у пэўнай ступені, кінастылем, да якога далучаецца вельмі простая, як заўсёды ў коміксе, амаль шаржыраваная, але заўсёды абгрунтаваная на гістарычных падзеях, гісторыя. Таму гэта спалучэнне наіўнай карцінкі і гістарычнай, усё ж такі, дакладнасці», – кажа культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў.

Паказ «Смерці Сталіна», камедыі рэжысёра Армэндаў Янучы, забаранілі ў Расеі – Міністэрства культуры адазвала пракатнае пасведчанне стужкі – маўляў, яна апаганьвае гістарычныя сімвалы вялікай дзяржавы. Беларускае Міністэрства культуры, з аглядкай на Маскву, адмяніў прэм’еру дваццаць пятага студзеня і правёў уласную экспертызу. Якая, што праўда, не выявіла парушэнняў.

«Працягваецца перакідванне, перацягванне паміж Менскам і Масквою. Пазіцыя Аляксандра Рыгоравіча сыходзіць з таго, што трэба нешта зрабіць, хоць крышачку куснуць, насуперак, каб крышачку пасунуцца ад краіны-ізгоя, якой зараз стала Расея. І зрабіць выгляд – ах, які я незалежны», – кажа рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

У камедыі «Смерць Сталіна» апавядаецца пра рэчаіснасць СССР сярэдзіны мінулага стагоддзя – апошнія дні жыцця дыктатара ды барацьбу за ўладу пасля гэтага. Цікава, што, нягледзячы на забарону ў Расеі, амбасадар краіны ў Беларусі напярэдадні заявіў, што паглядзіць фільм у Менску.

Лола Бурыева