Аб'ектыў 24.01.2017 Расейскія ваўкі тэрарызуюць беларускія вёскі


Вяскоўцы Віцебшчыны ўжо доўгі час пачуваюцца ледзьве не як здабыча. Шэрыя дʼяблы, як называюць сяльчане ваўкоў, уначы ходзяць па некалькіх паселішчах як у сябе ўдома. Людзі баяцца адпускаць дзяцей гуляць, ды і самыя баяцца драпежнікаў. Што праўда свае адказы на тое, як змагацца з навалай у мясцовых ёсць.

Ваўкі ядуць сабакаў

Ужо другі месяц з надыходам цемры на вуліцы вёскі Сцяпанавічы ні душы – сюды панадзіліся хадзіць ваўкі. Драпежнікі тэрарызуюць і некалькі суседніх вёсак: Фралова, Сячонка, Вішнёўка, а Газьба сталася сапраўднаю ваўчынаю Меккай – тут ваўкі нават з’елі дваровага сабаку.

«Гэта ўжо трэба з іконай хадзіць, а то заядуць!»

«Даўным-даўно яны ходзяць тут, і шмат іх, і страшна, і сляды бачым, там у канцы вёскі, кажуць паляўнічыя, заўсёды падыходзяць».

«Людзі праводзяць дзяцей сваіх у школу, таму што шэры дʼябал гэты не дае хады ніякай».

«А так хадзілі яны і статкам, па 5, тут мужык хацеў на прыпынак залазіць – ну карацей статак.

«Гэта ўжо трэба з іконай хадзіць, а то заядуць!».

– кажуць жыхары Гарадоцкага раёну.

Адкуль гэтая навала?

Мясцовыя ўзгадваюць, што мінулаю зімою таксама былі прэцэдэнты: у Пальмінцы воўк напаў на маладзёна, але той паспеў залезці на дрэва. Што да сёлетняга нашэсця, то эколагі бачаць некалькі прычынаў.

«Асноўным фактарам зʼяўляецца міграцыя з расейскага боку, з Пскоўскай вобласці, таксама знік інтарэс да палявання на воўка з боку насельніцтва»., – тлумачыць эколаг Дзмітрый Ніканаў.

Праблема ў коштах на адстрэл

На думку мясцовых жыхароў, праблему можна было б развязаць, спрасціўшы правілы палявання на ваўка. За савецкім часам паляваць было больш выгадна: рабіць гэта можна было бясплатна, а за шкуру яшчэ і плацілі немалыя грошы.

«Забіў – 100 рублёў, а 100 рублёў гэта на тыя часы заробак быў. А зараз няма матэрыяльнай зацікаўленасці, ёсць прэстыж, у каго, канечне, час ёсць – мы занятыя тут у сельскай гаспадарцы», – узгвадвае паляўнічы Сяргей Мілюха.

Цяпер жа трэба не толькі дзяржаўнае пасведчанне паляўнічага, але і адмысловы дазвол на адстрэл ваўка, што каштуе прыблізна Br 300. Упаляваць жа гэтага драпежніка складана нават дасведчанаму чалавеку – ваўкі лічацца вельмі разумнымі ды хітрымі жывёлінамі.


Гарадзецкія паляўнічыя ладзяць аблавы, а пакуль раяць мясцовым жыхарам быць асцярожнымі ўначы, калі ваўкі найбольш актыўныя.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: G. Lacz / Arco Images / Forum

Глядзі таксама
Каментары