Расейскія палітычныя эмігранты збіраюцца ў Літве


«Падрыўная дзейнасць з мэтаю разваліць Расейскую Федэрацыю і змяніць кіраўніцтва краіны». Гэтак расейская амбасада ў Літве ацаніла расейскі форум з удзелам палітэмігрантаў і апазіцыянераў, які адбыўся ў Вільні. Чаму Літва падтрымлівае дэмакратычную апазіцыю сваіх суседзяў, ды якою хочуць бачыць Расею будучыні?

Гэты тыдзень у Вільні ў пэўнай ступені можна назваць тыднем свабоднай Расеі. Спачатку гарадскія ўлады назвалі парк побач з расейскай амбасадаю паркам Барыса Нямцова. Потым тут прайшоў Віленскі расейскі форум і паседжанне сталага камітэту Форуму свабоднай Расеі – аб’яднання расейскіх палітычных дзеячаў, у тым ліку палітэмігрантаў, якіх пераследуюць на радзіме. Як заявіў міністр замежных справаў Літвы, гэтыя сустрэчы маюць не антырасейскі, а прарасейскі характар. Бо Расея – гэта не толькі Крэмль.

«Для нас важна мець інфармацыю, што можна зрабіць на міжнародным узроўні, у міжнародных арганізацыях, якое можа быць падтрыманне, якім акцэнтам трэба рабіць увагу», – кажа міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Будучыня Расеі немагчымая без пазбаўлення ад грузу дыктатуры, ад рэжыму, які стрымлівае вяртанне Расеі ў сям’ю цывілізаваных народаў. І тут ідэальная пляцоўка, каб весці дыялог, немагчымы ў Расеі», – заявіў Гары Каспараў, арганізатар форуму.

Літоўскія і расейскія дэмакраты шчыльна дапамагалі адно адному яшчэ з часу існавання СССР.

«Тут у Літве друкавалі першыя лістоўкі і газеты расейскіх дэмакратаў, якія потым ішлі на Маскву і Ленінград. А ў студзені 1991, калі па Вільні ехалі савецкія танкі, у Маскве на Манежную плошчу выйшлі паўмільёна расейцаў – з лозунгам «рукі прэч ад Літвы», – узгадвае намеснік старшыні руху «Открытая Россия» Уладзімір Кара-Мурза.

Цяпер не 1990-ыя, і Расея пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна толькі аддаляецца ад дэмакратычных рэформаў. А санкцыі – у адказ на гібрыдныя войны Крамля супраць суседзяў – аслабляюць расейскую эканоміку.

«Галоўнае, што не атрымлівае Расея ў выніку санкцыяў – перадавыя тэхналогіі. У нафтавай галіне гэта заўважна», – заўважае сябра праўлення Форуму свабоднай Расеі Леанід Неўзлін.

Хаця кропкавыя санкцыі супраць пуцінскіх алігархаў ідуць Расеі на карысць.

«Мы спадзяемся, што гэты працэс будзе працягвацца, і што тыя людзі, якія паразітуюць на расейскіх грамадзянах, крадуць грошы расейскіх падаткаплатнікаў, парушаюць правы расейскіх грамадзянаў, больш не змогуць выкарыстоўваюць дэмакратычныя краіны Захаду, як запасныя аэрадромы для вывазу крадзеных грошай», – дадае Уладзімір Кара-Мурза.

Галоўная мэта, кажа расейская дэмакратычная апазіцыя, – не дазволіць ураду Пуціна–Мядзведзева давесці Расею да стану катастрофы, якая можа скончыцца развалам дзяржавы.

Яраслаў Сцешык; фота – Olivier Corsan/Le Parisien/Forum