Расейскі парламент адмяніў крымінальную адказнасць за пабоі ў сям’і


Другое чытанне скандальнага закону прайшло амаль без дыскусіяў. Дэпутаты Дзярждумы проста тлумачылі расейцам законапраект.

«Калі пабоі былі здзейсненыя ў выпадку сітуацыйнага эмацыйнага канфлікту, калі людзі не хацелі нанесці адзін аднаму шкоду… сур’ёзную. Калі няма ніякага пераследу адной асобы з боку іншай – у гэтым выпадку дапушчальная адміністратыўная адказнасць», – даводзіла дэпутатка Вольга Баталіна.

Пасля прыняцця закону ў першым чытанні на дэпутатаў з крытыкаю абрынуўся генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Яглян. У Думе абурыліся заходняю крытыкай і нагадалі пра розніцу ў каштоўнасцях расейскіх ды еўрапейскіх. Уласна каштоўнасцямі з самога пачатку прыкрываліся аўтары законапраекту.

Учора адзінкавыя прадстаўнікі расейскага грамадства пратэставалі супраць новаўвядзенняў

«Я лічу, што Дзярждума робіць катастрафічную памылку, бо нават раней ахвяры не звярталіся ў паліцыю – ім і так казалі – бʼе, значыць любіць, не вынасі смецце з ізбы, а цяпер гэта будзе крытычная маса віны на плячах ахвяры і падтрыманне гвалтаўніка. Нават, калі будзе скарачацца статыстыка, гэта будзе азначаць, што ахвяры зноў сталі маўчаць», – мяркуе грамадская актывістка Алена Папова.

Калі закон пройдзе, то прызнаная судом «не сур’ёзная» шкода здароўю, якая, цытата «не прывядзе да страты працаздольнасці», будзе карацца штрафам. І толькі ў выпадку паўтору злачынства яго будуць разглядаць паводле крымінальнага артыкулу. Гэта датычыць таксама і гвалту ў дачыненні дзяцей. Такім чынам аўтары законапраекту збіраюцца… абараніць сям’ю.

«У нас у Расейскай Федэрацыі дзейнічае прынцып прэзумпцыі невінаватасці бацькоў. Гэты прынцып дзее далёка ня ў кожнай Заходняй краіне. Мы лічым, што бацька, як чалавек, што выходзіць з добрых пачуццяў да дзіцяці, скіраваны на лепшае для дзіцяці, разглядаючы кожную канкрэтную сітуацыю мы выходзім з таго, што чалавек кіраваўся лепшымі імкненнямі», – дадала Вольга Баталіна.

Нават калі збіваў… Гэтак мяркуюць у Расеі, дзе, паводле самых сціплых падлікаў Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку хатняга гвалту гінуць да… дзесяці тысяч чалавек на год. Але мясцовыя праваахоўнікі асаблівай праблемы не бачаць.

«Для таго, каб вы маглі свае правы абараніць, вам трэба ўзяць на сябе адказнасць, напісаць заяву, сабраць доказы, што такое адбылося, а ўлічваючы нізкі ўзровень прававой культуры нашых людзей – мы ўсе ў прынцыпе не можам быць юрыстамі, атрымліваецца, што калі мы ня можам сабраць такія доказы – мы правальваемся ў справе», – кажа Ірына Альхоўка, старшыня праўлення арганізацыі «Гендарныя перспектывы».

Хатні гвалт у Беларусі таксама перабывае ў межах Адміністратыўнага кодэксу

Але толькі тады, вядома, калі наступствы інцыдэнту не пераходзяць у крымінальны артыкул. У выніку самае частае пакаранне – штраф. Штраф, які плоціць уся сям’я.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Maurizio Gambarini / DPA / Forum