Расейскі філосаф пра затрыманне ў Беларусі: Нічога сабе, схадзіў за хлебушкам


Прыехаў правесці лекцыі ў Беларусі, атрымаў 6 содняў арышту. Расейскі філосаф і даследнік анархізму Пётр Рабаў паводле судовага рашэння змешчаны пад варту ў Баранавіцкі ізалятар часовага ўтрымання. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і распаўсюдзе экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў.

У знак пратэсту грамадзянін Расеі абвесціў галадоўку

Пасля няўдалых спробаў выступіць у Беларусі – лекцыі гэтак і не адбыліся, акрамя сустрэчы ў Баранавічах, што прайшла ў закрытым рэжыме, – Пётр Рабаў збіраўся вярнуцца ў Маскву. Аднак не даехаў: яго знялі з цягніка.

Ноч Пётр Рабаў правёў у баранавіцкім ізалятары часовага ўтрымання. Раніцай яго даставілі ў суд, дзе і пакаралі шасцю соднямі арышту.

«Яго абвінавацілі ў тым, што ўчора на вакзале ён лаяўся матам, як звычайна, на дзеянні міліцыянтаў не рэагаваў. І ў яго з сабою знайшлі адну брашуру, якая ўжо ёсць у экстрэмісцкім спісе, ды яму паставілі ў віну, што ён вазіў яе ў мэтах распаўсюду прапаганды і экстрэмісцкіх ідэяў», – распавядае пра акалічнасці справы Яўген, актывіст з Баранавічаў.

З абвінавачаннем філосаф і даследнік анархізму не згодны

У судзе ён распавёў, што міліцыянты падышлі да яго на вакзале, папрасілі паказаць дакументы і запатрабавалі прайсці з імі, хаця падставаў на тое не было. Напярэдадні ж у Горадні працаўнікі АМАПу брутальна ўварваліся на запланаваную лекцыю Пятра Рабава ды затрымалі прыблізна 20 чалавек, у ліку якіх быў і лектар.

«Быў такі выпуск тэлежурналу «Ералаш», які сканчаўся фразай – нічога сабе, схадзіў за хлебушкам. Ну вось з гэтай серыі. Прыехаў з лекцыяй філасофіі ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, а пасля былі людзі ў масках, устаньце ўсе ў адзін шэраг, абкатванне пальцаў некалькі гадзінаў «мілых зносінаў» з міліцыяй», – падзяліўся ўражаннямі Пётр Рабаў.

У распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі вінавацяць і грамадзяніна Беларусі

Хлопец паехаў праводзіць Рабава на вакзал і быў затрыманы разам з ім. Справу маладзёна перанеслі на пятніцу – у судзе ён запатрабаваў адваката. Падзеі, звязаныя з візітам Пятра Рабава ў Беларусь, адзін з лідараў анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў звязвае з тым, што ўлады бачаць у анархісцкім руху вялікую небяспеку.

«Калі сюды прыязджае ў пэўных колах свяціла анархісцкага руху, чалавек, які піша кнігі на гэтую тэматыку і можа пасвяціць людзей у падрабязнасці анархісцкага руху, нейкіх дзеянняў, то, натуральна, яму не дадуць тут гэта так проста зрабіць», – тлумачыць ён.

Новы выбух ціску на анархістаў

Хвалю рэпрэсіяў у Беларусі можна было назіраць сёлета напрыканцы верасня. Тады як мінімум у трох кватэрах, дзе жывуць анархісты, адбыліся ператрусы і канфіскацыі тэхнікі. У адным з дамоў працаўнікі крымінальнага вышуку ды АМАПу са зброяй збілі жыхароў і сканфіскавалі грошы. За кратамі ж дасюль і Кірыл Аляксееў, і Зміцер Паліенка, якіх лічаць анархістамі.

Юлія Лабанава, «Белсат»