Расейская армія прыбывае ў Беларусь. Шмат хто баіцца акупацыі


Першыя крокі расейскіх вайскоўцаў па тэрыторыі Беларусі. Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, у нашую краіну прыбываюць падраздзяленні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Вучэнні выклікалі хвалю крытыкі з боку НАТО

«Мы глядзім на гэтыя манеўры з вялікаю занепакоенасцю. Іх маштабы надзвычайныя, і гэта выклікае сумневы. І Расея, і Беларусь маюць права ладзіць вайсковыя вучэнні. Аднак важна, каб яны мелі характар абаронны, а не наступальны», – зазначыў дэпутат Еўрапарламенту Богдан Здраеўскі.

Некалькі месяцаў таму Міністэрства абароны Літвы заявіла пра высокую імавернасць таго, што падчас манеўраў «Захад-2017» расейскае і беларускае войскі будуць адпрацоўваць імітацыю нападзення на краіны Балтыі ды Польшчу.

Падчас апошняга візіту ў Менск групы дэпутатаў Еўрапейскага парламенту ўлады Беларусі аспрэчылі такі сцэнар. Аднак, са словаў прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, давер да заяваў афіцыйнага Менску мусіць быць абмежаваны. Маўляў, Лукашэнка актыўна ставіць сябе ў ролі міратворцы, прапаноўвае Захаду пляцоўку для новага хельсінкскага працэсу, у той жа час рыхтуецца да манеўраў з расейскімі войскамі, якія не спрыяюць стабілізацыі бяспекі ў Еўропе.

Пагроза акупацыі Беларусі

Планаваныя на тэрыторыі Беларусі манеўры выклікалі вострую крытыку і з боку апанентаў дзейнай улады ўнутры краіны.

«Вучэнні »Захад-2017«, калі мы гаворым пра пагрозы і рызыкі, то яны могуць быць, калі будзе такі сцэнар, што расейскія вайскоўцы прыедуць з тэхнікай і не зʼедуць. Гэта будзе рызыка, выклік і пагроза», – мяркуе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусь прыбудуць прыблізна 3000 расейскіх вайскоўцаў. Манеўры пачнуцца 14-га верасня. Адначасова з рыхтаваннем да іх узмацняюць сваю абароназдольнасць нашыя суседзі. Міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак не выключыў новых правакацыяй з боку Расеі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота Yuri Smityuk / TASS / Forum