Расейска-беларускія вучэнні напужалі суседзяў, але не НАТО


У НАТО неаднаразова падкрэслівалі, што не баяцца расейска-беларускіх вучэнняў. Аднак усё ж маюць намер пільна назіраць за іх хадою. І рэагаваць у выпадку неабходнасці. Сёння тут, у Бэльвэдэрскім палацы ў Варшаве, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустракаецца з генеральным сакратаром Паўночнаатлантычнага Альянсу Енсам Стольтэнбэрам. Адной з галоўных тэмаў перамоваў стане бяспека Еўразвязу, на ўсходніх межах якога разыгрываецца ваенны спектакль з непрадказальным сцэнарам.

Таксама на парадку дня – абстаноўка ва ўсходнім і паўднёвым рэгіёнах Паўночнаатлантычнага альянсу, трансатлантычныя стасункі і супраца ў галіне бяспекі.

Вучэнням «Захад-2017» надалі асобую ўвагу

«Візіт Стольтэнбэрга – гэта акурат спроба матываваць хаўруснікаў, каб яны былі гатовыя, слушна глядзелі на сітуацыю і маглі ацаніць патэнцыйную пагрозу, якая можа зыходзіць з гэтых вучэнняў», – тлумачыць польскі журналіст Міхал Патоцкі.

Ужо заўтра Енс Стольтэнбэрг скіруецца ў горад Ожыш, дзе наведае спецыяльны баявы батальён НАТО, што складаецца з амерыканскіх, брытанскіх і румынскіх вайскоўцаў. У выпадку непрадбачанай сітуацыі падчас вучэнняў гэты батальён мае неадкладна адрэагаваць на любую агрэсію на ўсходняй мяжы.

Манеўры ля межаў НАТО не ўяўляюць небяспекі

У гэтым працягвае запэўніваць афіцыйны Менск. Адначасна заяўляючы, што вучэнні будуць цалкам адкрытыя ўсім міжнародным назіральнікам. А занепакоенасць НАТО тлумачаць праваламі на іншых франтах, ігнаруючы факт агрэсіі Расеі ва Украіне.

«У выпадку з беларуска-расейскімі вучэннямі дзеянні вайскова-палітычнага кіраўніцтва НАТО скіраваныя на ўтойванне сваіх промахаў у барацьбе з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава» на Блізкім Усходзе і правалу працэсу дэмакратызацыі ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі», – упэўнены кандыдат вайсковых навук Міхаіл Крыпіневіч.

Літва пагрозу з боку Расеі ўспрымае сурʼёзна

Паводле былога прэмʼер-міністра краіны Вітаўтаса Ландсбергіса, мэта вучэнняў «Захад-2017» цалкам відавочная.

«Гэта зусім нікому не трэба. Толькі падбухторшчыкам вайны і тым, хто гуляе на нервах суседзяў. Паколькі няма магчымасці пахваліцца, паказаць сябе з добрага боку, то можна запалохваць», – мяркуе ён.

Да вучэнняў засталося тры тыдні

У іх возьмуць удзел да 13-ці тысяч вайскоўцаў і каля 700 адзінак баявой тэхнікі. Назіраць за манеўрамі запрасілі прадстаўнікоў Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі ды Украіны. У Генеральным штабе апошняй неаднаразова заяўлялі пра сурʼёзную ваенную пагрозу ў сувязі з вучэннямі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Geodakyan Artyom / TASS / Forum