Рэканструкцыя вакзалу ў Берасці атрымалася нязручнай і небяспечнай


Мабільнасць, экалагічнасць, камфорт. Усё гэта пасажырам гарантуе на сваім сайце Беларуская чыгунка. Але даехаць важна не толькі своечасова і камфортна, але і бяспечна. Акурат да бяспекі і ўзніклі пытанні ў жыхароў Берасця.
Выходзіў з цягніка і не дацягнуўся да перону

У выніку пашкоджаная нага, плячо, локцевы сустаў, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Такі непрыемны выпадак здарыўся з пінчуком Раманам Бурэнкам, калі ён электравіком прыехаў з украінскага Забалоцця на берасцейскі Цэнтральны чыгуначны вакзал.

«Калі падаў, памятаю, што мужчына падхапіў мяне, дзве жанчыны, выцягнулі. Я сядзеў на пероне з гэтай ранаю акрываўленай. Ідуць міліцыянты, нават не падышлі. Мяне гэта здзівіла. Давялі б хаця б да медпункту», – паскардзіўся Раман.

Са словаў пінчука, дыстанцыя паміж перонам і цягніком на вакзале складае 44 сантыметры. Ён далёка не першы пасажыр, які стаў ахвяраю гэткай адлегласці.

«Былі выпадкі, калі і хлопчык шасці гадоў зваліўся на маскоўскім баку, а там яшчэ вышэйшы перон, два метры. Бабуля 80 гадоў таксама ўпала», – зазначыў Раман.

Ні сабе, ні людзям

Адметна, што ўсе гэтыя выпадкі пачалі здарацца пасля рэканструкцыі вакзалу, якую скончылі пазалетась у красавіку. У выніку ж, як ні стараліся, атрымалася ўсё адно: ні сабе, ні людзям. Шмат хто наракае на нязручнасці падчас уваходу ў цягнік ці выхаду з яго.

«Было б бліжэй, было б лепей!».
«Няроўная платформа з прыступкамі!».
«З рэчамі неяк не вельмі, вельмі шырока, далёка. З малымі нязручна».
– падзяліліся ўражаннямі пасажыры вакзалу з Белсатам.
Што рабіць калі пацярпеў праз працу рэканструктараў?

«Своечасова зафіксаваць факт атрымання траўмы. Запрасіць, па-першае, працаўнікоў чыгункі, сведак, пасажыраў», – патлумачыў праваабаронца Уладзімір Малей.

Гэтак зрабіў і пацярпелы Раман Бурэнка. Але, атрымаць ад дзяржавы нейкую кампенсацыю аказалася не проста: страхавая кампанія патрабуе высновы судмедэксперта, а той патрабуе забароненыя рэчы.

«Каб правесці судова-медычную экспертызу, неабходна падаць арыгінал медычных картаў ды іншыя медычныя дакументы. Я, як пацыент, не магу сваіх дакументаў нават узяць, бо наўпрост забараняецца выдача медкартаў загадам Міністэрства аховы здароўя», – падсумаваў спадар Бурэнка.

Атрымліваецца замкнёнае кола. І хоць у выніку Раман, юрыст паводле адукацыі, дзякуючы сваім ведам, кампенсацыю атрымаў, зрабіць гэта звычайнаму чалавеку нерэальна, – кажа сам пацярпелы. Таму цяпер ён звяртаецца са скаргаю ў Беларускую транспартную пракуратуру і ў Берасцейскае аддзяленне Беларускай чыгункі, патрабуючы новай рэканструкцыі перонаў. Плануюць яе ці не, Белсату высветліць не ўдалося: кіраўніцтва чыгункі не стала з намі нават размаўляць.

Алесь Яшчанка, Белсат