Рада Еўропы актывізуе стасункі з беларускімі судамі


Рада Еўропы актывізуе стасункі з беларускімі судамі ўсіх узроўняў – заявіў сёння ў Менску Хрыстас Якумопулёс. Кіраўнік генеральнага дырэктарату ў правах чалавека Рады Еўропы быў госцем Генеральнай пракуратуры на канферэнцыі аб судовых апеляцыях.

Рада Еўропы – міжнародная арганізацыя, якая спрыяе супрацы ў галіне правоў, дэмакратычнага развіцця, законнасці ды культуры. Арганізацыя аб’ядноўвае 47 дзяржаваў, але Беларусь страціла статус адмыслова запрошанай у Раду Еўропы за недэмакратычнасць рэферэндуму 1996-га года. Хоць для ўсіх грамадзянаў было б лепш, калі б Беларусь уваходзіла ў Раду Еўропы, як суседнія краіны, кажа Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Мы былі б уключаныя ў рэгіянальную еўрапейскую сістэму абароны правоў. Мы б ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю абароны правоў чалавека, Беларусь бы прызнавала кампетэнцыю страсбургскага Еўрапейскага суда правоў чалавека. Але на гэта патрэбная палітычная воля. І найперш яна мусіць заключацца ва ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне», – даводзіць праваабаронца.

Улады Беларусі выконваць стандарты Страсбуру не збіраюцца

Чыноўнікі выдаюць колькасць кантактаў з падобнымі міжнароднымі арганізацыямі за якасць стасункаў.

Праваабарончыя арганізацыі таксама асцярожна спадзяюцца на маленькія крокі беларускай судовай сістэмы ў бок справядлівасці. Як прыклад, магчымыя змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, пра якія раней казалі толькі праваабаронцы. На заканадаўчым узроўні прапаноўваецца прыпыненне судовага працэсу для праверкі, калі абвінавачаны заявіць аб катаваннях пад следствам.

Калі беларус трапіў на лаву падсудных, яго прызнаюць вінаватым

За паўгода беларускія суддзі вынеслі больш за 20 000 выракаў у крымінальных справах і апраўдалі толькі 36 чалавек. Калі казаць пра адміністратыўны пераслед, то ўзімку і ўвесну суды паказалі, як працуе «тэлефоннае права» – сотні людзей, якія пратэставалі супраць падатку на адсутнасць працы, трапілі ў ізалятары і заплацілі вялізныя штрафы незалежна ад узроўню віны.

Каб беларускі суд быў справядлівы, сама галіна ўлады мусіць быць незалежная, кажа Алесь Лагвінец. Мусіць быць і прыватная адвакатура, і недадушаная грамадзянская супольнасць для кантролю ўсёй сістэмы. Але прымусіць улады да рэформаў змогуць толькі самі беларусы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum