«Пяць гадзінаў рыхтавалі справу на чале з КДБістам». Лідара АГП судзяць за непадпарадкаванне міліцыі


Першы суд над апазіцыйным лідарам падчас бягучай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку сёння ў судзе Жабінкаўскага раёну меліся судзіць за нібыта непадпарадкаванне міліцыі.

Анатоля Лябедзьку затрымалі, калі палітык вяртаўся са збору подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці.

«Трынаццаць-чатырнаццаць градусаў. Не здымаў нават куртку», – коратка распавёў палітык пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары Кобрынскага РАЎСу і не хаваў свайго абурэння абвінавачаннем.

«Тое, што мне інкрымінуюць, што я аказваў нейкае супрацьдзеянне міліцыі – гэта поўная лухта, бо мяне самога выцягнулі фізічна з аўтамабіля. А далей ужо не яны працавалі. Пяць гадзінаў! Пяць гадзінаў рыхтавалі справу на чале з КДБістам», – кажа Анатоль Лябедзька.

І гэтага часу мясцовым праваахоўнікам не хапіла. У апошні момант, палітыка павезлі назад – падпісваць пратаколы. Бліжэй да вечара справа канчаткова спынілася пасля патрабавання Анатоля Лябедзькі, прадставіць яму адваката. Суд нечакана для абвінавачанага, просьбу задаволіў і перанёс разгляд справы на 23 лютага. Раней, пакуль лідар АГП замярзаў у кобрынскім РАУСе, старшыня ЦВК заўважыла актывізацыю перадвыбарчай гонкі.

«У нас заўсёды кандыдаты дзейнічалі вельмі сумна, хачу гэта падкрэсліць. Нічога акрамя нейкіх сустрэчаў у працоўных калектывах не было. Цяпер мы бачым, што ў нас зʼявілася і развіваецца даволі добра вулічная агітацыя», – кажа старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

Сапраўды, звычайна кволая кампанія ў мясцовыя саветы, гэтым разам адзначылася цэлым шэрагам вулічных пікетаў ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. На меркаванне адмыслоўца – уладам гэта на руку.

«Яўка – гэта тая рэч, за якую ўлады змагаюцца найбольш. Можа на мясцовых выбарах гэта і не так важна, але чыста для стратэгічных рэляцыяў – ім патрэбная яўка. Адзінае, што я мог бы параіць Лідзіі Ярмошынай, каб выбары былі вясёлыя і цікавыя, для гэтага ёсць адная рэч – зрабіць выбары сапраўднымі сумленнымі і дэмакратычнымі», – мяркуе аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў.

А пакуль таго няма – ці заўважыў электарат актыўнасць кандыдатаў?

Жыхары Менску:

«Вы якія выбары? Выбары таго, што ўжо абралі? Там тыя, хто павінен быць, яны і будуць».

«Я толькі бачу там стаяць збіраюць нейкія подпісы, але я ж не пайду, бо гэта нічога не дасць».

«Я намагаўся нейкую інфармацыю знайсці пра кандыдатаў сваіх – вельмі цяжка разабрацца хто ёсць кім».

Яшчэ да пачатку выбарчай гонкі Лідзія Ярмошына выказвала ўпэўненасць у тым, што выбары адкрыюць новыя твары ў айчыннай палітыцы. Паводле адмыслоўца, твары тыя каму трэба ўжо вядомыя.

«Я глядзеў спіс патэнцыйных дэпутатаў Менскага гарсавету і там усё дакладна. Ёсць роўна траціна ад жанчынаў – сказаў калісьці Лукашэнка, што патрэбная траціна – столькі іх і ёсць. Ёсць прадпрымальнікі. Агульная маса – тыя ж дактары і настаўнікі. Гэта вельмі тонкая праца, за якую можна зняць шляпу перад працаўніком адміністрацыі прэзідэнта», – кажа Цыганкоў.

Паводле Анатоля Лябедзькі – дэмакратычныя сілы мусяць карыстацца такім шанцам, нягледзячы нават на загадзя вядомы вынік.

«Калі ты нічога ня робіш, то яны задаволеныя ўсе. А калі ты нешта спрабуеш рабіць, не па іхных правілах – вось яна рэфлексія. Яна відавочная. Бо калі б выйшлі тысячы чалавек з мегафонамі ў кожным горадзе і тут чалавек пяць і ў Жабінцы і ў Берасці – іншая была б сітуацыя», – мяркуе лідар АГП.

Ну, а пакуль сітуацыя застаецца без зменаў, Анатолю Лябедзьку за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам ДАІ пагражае штраф, або адміністрацыйны арышт.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»