Пятая спроба дыялогу Беларусі і ЕЗ. Ці будзе вынік?


Вызваленне палітвязняў, пераслед журналістаў «Белсату», рэформа прававой сістэмы ды ціск на незалежныя прафсаюзы. У Менску адбыўся пяты раўнд дыялогу паміж Еўразвязам і Беларуссю ў пытанні правоў чалавека.

На перамовах прысутнічалі толькі праўладныя структуры, аднак грамадзянская супольнасць выступіла перад прадстаўнікамі ЕЗ на папярэдніх кансультацыях. Ды зрабіла свае высновы.

Асновай узаемаадносінаў паміж Еўразвязам і Беларуссю мусіць быць эканоміка, а не правы чалавека, казаў месяц таму кіраўнік краіны падчас сустрэчы з еўракамісарам Ёганэсам Ганам:

«Мы хацелі б, каб у нас з ЕЗ былі такія адносіны, якім, можа быць, нават пазайздросцілі б сябры Еўрапейскага звязу».

І каб іншыя раўняліся на гэткія адносіны, Менск працягвае ісці насустрач Еўразвязу – сёння ў прадстаўніцтве Еўракамісіі ў Беларусі адбыўся чарговы, пяты раўнд дыялогу ў правах чалавека.

«Улады, прынамсі, спрабуюць дыялог весці, у сэнсе менавіта дыялогу, бо папярэднія раўнды, яны распавядалі, што ўлады маўчалі. То бок мы вас пачулі, выслухалі, дзякуй», – кажа Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

На сустрэчы з беларускага боку прысутнічалі прадстаўнікі айчынных міністэрстваў ды іншых дзяржаўных структураў, дэлегацыю ЕЗ узначаліў кіраўнік аддзелу па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга Партнёрства Еўрапейскай службы вонкавага дзеяння Дырк Шубэль. Незалежныя арганізацыі змаглі данесці свой голас толькі падчас папярэдніх кансультацыяў.

«Мы звярнуліся на імя прэзідэнта з просьбай аб памілаванні Міхаіла Жамчужнага. Вельмі спадзяемся, што гэтае пытанне будзе пазітыўна разгледжанае. Ну і нагадалі таксама пра Змітра Паліенку, вызвалення якога мы патрабуем безумоўна і неадкладна», – працягвае Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы зноў закранулі праблему адмены смяротнага пакарання, узгадалі пра катаванні ў месцах пазбаўлення волі, арышты і штрафы для абаронцаў Курапатаў, цэлы шэраг нявырашаных праблемаў прадпрымальніцтва.

«У нас адсутнічае інстытут омбудсмана. Пакуль яшчэ не публікуюцца рашэнні судоў. Аб’яднанні агульных дзяржаўных судоў стварылі цэлы шэраг праблемаў», – кажа Уладзімір Карагін з Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Шмат праблемаў ад беларускіх судоў зазнаюць і незалежныя журналісты. Толькі з пачатку гэтага года фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, судзілі больш за 70 разоў, а агульная сума штрафаў для іх за супрацу з замежнымі медыямі без акрэдытацыі склала больш за 50 тысячаў рублёў.

«Пакуль тое, што гэтае пытанне абмяркоўваецца падчас дыялогу, не ўплывае на дзеянні ўладаў Беларусі», – заўважае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Больш за тое – узнікаюць новыя крымінальнай справы. У чэрвені ў дачыненні да кіраўніка незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая распачалі крымінальную справу – заснавальніка агенцыі падазраюць у наўмысным ухіленні ад сплаты падаткаў. Напярэдадні сённяшніх перамоваў 12 праваабарончых арганізацыяў прызналі справу Ліпая палітычнай ды заклікалі ўлады спыніць гэты пераслед. Як і справу лідараў прафсаюзу РЭП Геннадзя Фядыніча і Ігара Комліка, разгляд якой распачнецца ўжо 30 ліпеня.

Вось што кажа Генадзь Фядыніч:

«Улада зробіць усё, каб стрымаць маю дзейнасць і не даць магчымасці займацца справай так, як я займаўся ёю да гэтага часу».

Як, напэўна, і журналістам нашага тэлеканалу – сёння падчас онлайн-канферэнцыі Міністэрства замежных справаў Беларусі ў чарговы раз ухілілася ад адказу на пытанне, чаму «Белсату» не даюць акрэдытацыю. А таму пытанне, ці стане пяты раўнд гэткіх перамоваў нечым больш значным, чымся чарговая спроба дагрукацца наверх, падаецца відавочным.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА