Аб'ектыў 07.10.2017 Пуціну – 65. Расею ахапілі масавыя пратэсты


Пуцін святкуе Дзень народзінаў. А па ўсёй Расеі прайшлі акцыі пратэсту прыхільнікаў Аляксея Навальнага. Геаграфія шырокая – ад Уладзівастоку да Калінінграду. Але прысутнасць не масавая. Ды амаль паўсюль пераслед, затрыманні, пагрозы і перашкоды. Сяргей Падсасонны.

«Пуцін – мурло! Пуцін – мурло! Пуцін мурло!»
«Пуцін – злодзей! Пуцін – злодзей!», – скандуюць пратэстоўцы.

Вось гэтак павіншавалі прэзідэнта Пуціна з 65-ым Днём народзінаў ва Уладзівастоку.

«Расея будзе вольнай! Расея будзе вольнай! Расея будзе вольнай!»

Далёкі Усход распачаў усерасейскую акцыю пратэсту прыхільнікаў Аляксея Навальнага.

«Мы за Навальнага! Мы за Навальнага!»

Сам палітык адбывае 20 содняў арышту за неаднаразовы заклік да несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

«Мы павінны разумець, наколькі важныя нармальная змена ўлады. А, па-другое, як важна жыць без палітычнага пераследу. Бо калі палітыкаў рэгулярна саджаюць на некалькі содняў, літаральна вышукваючы нейкія няроўнасці, я лічу, што гэта няправільна. І мы сюды прыйшлі, каб падтрымаць Аляксея Навальнага. Я не хачу сказаць, што цалкам яго падтрымліваю, але лічу, што гэта рэальная альтэрнатыва для нашае краіны».

Аднак гэтую альтэрнатыву пакуль не прымаюць большасць расейцаў.

Згодна са жнівеньскім апытаннем «Левада-Цэнтру», 57 % расейцаў лічаць, што справы ў краіне ідуць у добрым кірунку. А 29 % – што краіна ідзе няправільным шляхам. Дзейнасць Уладзіміра Пуціна ўхваляюць 83 % грамадзянаў. І толькі 15 % – не.

Сярод асноўных палітыкаў 58 % расейцаў называюць Пуціна – як асобу, якой давяраюць.

«Калі Пуцін лічыць, што ў яго рэальны рэйтынг 86%, тады ў чым праблема?.. Навошта такія перашкоды акцыям Аляксея Навальнага і іншых кандыдатаў?!»

А перашкоды былі па ўсёй краіне. Хоць акцыі і не былі масавыя, прайшлі ў дзясятках гарадоў. Усюды пад пільным наглядам паліцыі і спецслужбаў. У большасці месцаў – з затрыманнямі і перашкодамі. Найбольш масавая акцыя адбылася ў Маскве.

«Улада – гэта мы! Улада – гэта мы!»

«Менавіта тут сабраліся сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы, а не патрыёты дзяржавы».

«Абурэнне незаконным арыштам Аляксея Навальнага і ягонага саратніка Волкава. У Дзень народзінаў Пуціна прыйшлі выказаць сваю пазіцыю наконт ягонае палітыкі, 18-годддзя аўтарытарызму ў Расеі, то бок нязгоду».
«Мне 19, і я ўсё сваё свядомае і несвядомае жыццё пражыў пры ім – і мне гэта ўсё моцна надакучыла, гэтак жа, як усім тут прысутным».

«Паважаныя грамадзяне, праходзім, не затрымліваемся!»

Праваахоўнікі да акцыяў падрыхтаваліся.

У Маскве паліцыі было столькі, што яна спачатку перавышала колькасць пратэстоўцаў.

«Выйсце на вуліцу – гэта праява волі і руху наперад. Перад усім, спыненне палітычнае стагнацыі, якая ўзнікла ў палітычным стане нашае краіны».
«У нас палова краіны ў пагонах. Гэта няправільна. Замест таго, каб грошы ўкладаць у медыцыну, у адукацыю, яны гэтыя грошы накіроўваюцца на абарону».

І, як паказалі сённяшнія акцыі – перадусім, на абарону ад уласных жа грамадзянаў, якія на выбарах налета не хочуць бачыць Пуціна ні кандыдатам, ні прэзідэнтам.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары