Пуцін у адпачынку пахваліўся шчупаком


Нязвыклая спёка на гэтым тыдні панавала і ў сусветнай палітыцы. Доналд Трамп падпісаў закон пра санкцыі супраць Расеі ды скіраваўся ў свой першы афіцыйны адпачынак.

Найбліжэйшыя 17 дзён амерыканскі прэзідэнт правядзе ў сваім прыватным гольф-клубе ў штаце Нью-Джэрзі.

Тым часам заходнія медыі ўва ўсю смакуюць падрабязнасці адпачынку іншага прэзідэнта. Двухдзённыя вакацыі Уладзімір Пуцін правёў у Паўднёвай Сібіры, дзе ездзіў на квадрацыклах па тайзе і лавіў рыбу на каскадзе горных азёраў.

Расейскі прэзідэнт традыцыйна пазаваў перад камерамі без кашулі. Што, на меркаванне заходніх экспертаў, зусім не выпадкова.

Вось што піша выданне «Daily Mail»:

«Палітычныя аналітыкі адзначаюць, што прэзідэнт абірае прыгодніцкі адпачынак, каб паказаць нацыі, што ён усцяж здаровы, моцны і бадзёры».

І здольны паляўнічы. У пацверджанне гэтых словаў апошні трафей Уладзіміра Пуціна – шчупак, на якога расейскі лідар нібыта паляваў дзве гадзіны.

Бязлітасна на здабычу расейскага прэзідэнта адрэагавалі інтэрнаўты. Яны тут жа прыгадалі вядомую казку пра дурачка Ямелю ды параілі Пуціну папрасіць у шчупака палепшыць сітуацыю ў краіне.

Але пакуль шчупакова магія не мае моцы. Бо яшчэ чатыры гады таму Пуцін хваліўся здабычаю вагою 21 кілаграм.

У свой час Аляксандр Лукашэнка хваліўся значна большым трафеем.

«Я асабіста 57 кілаграмаў сома цягнуў. 57, 24 і 7 кілаграмаў – тры сомы злавіў», – казаў кіраўнік Беларусі.

Розніца толькі ў адным: здабычу Пуціна паказваюць гэтымі днямі ўсе расейскія ды замежныя тэлеканалы. А вось сом Лукашэнкі гэтак і застаўся часткаю беларускае палітычнае міфалогіі.

Вольга Жарнасек, belsat.eu