Аб'ектыў 16.08.2017 Пуцін прымушае Беларусь ударыць па заводах і калгасах


Пабудаваць уласныя парты на Балтыйскім моры і пазбавіць краіны Балтыі расейскага транзіту. Гэтую палітыку афіцыйная Масква паступова праводзіць з пачатку гэтага стагоддзя.

«Гэта ёсць палітычная задача і, улічваючы гэта, расейскія кампанія імкнуцца перанакіраваць свае грузы ў расейскія парты», – патлумачыла эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Па меры таго, як у Прыморску, Усць-Лугу ды Санкт-Пецярбурзе будаваліся новыя тэрміналы ды пашыралася чыгуначная і аўтамабільная інфраструктура, Расея перанакіроўвала туды экспарт, які раней ішоў праз парты Эстоніі, Латвіі ды Літвы. Беларусы, у адрозненне ад расейцаў, нарошчваюць перавозы праз краіны Балтыі. Крэмль паспрабаваў пакласці гэтаму канец яшчэ пяць гадоў таму – на фоне чарговай спрэчкі з Менскам аб абʼёмах паставак нафты на беларускія НПЗ.

«Мы вельмі сурʼёзна абмяркоўвалі гэтую праблему на апошняй сустрэчы з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным. Мы прынцыповае прынялі рашэнне аб пераарыентацыі вялікіх абʼёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаенняў, іншых грузаў з портаў Балтыйскіх дзяржаў на вашыя порты», – зазначыў Лукашэнка.

Тады, аднак, кіраўнік Беларусі не выканаў абяцанага

Шантажуючы літоўцаў сыходам у расейскія парты, «Беларуськалій» выкупіў па добрай цане марскі тэрмінал у тамтэйшай Клайпедзе і нарасціў транспартаванне праз Літву. Летась Беларуская нафтавая кампанія вяла перамовы аб набыцці тэрміналу ў латвійскай Рызе. Крэмль, у сваю чаргу, узмацняе ціск на свайго саюзніка.

«На беларускіх НПЗ перапрацоўваецца нашая нафта, іншай там няма і наўрад ці з’явіцца, таму гэта трэба неяк запакетаваць – атрыманне нашай нафты ад адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры», – даводзіў Пуцін.

Масква кажа: хочаце нафту, экспартуйце яе праз нашыя парты

Адмыслоўцы тлумачаць: эканамічна гэта – нявыгадна.

«Даволі эфектыўная лагістыка беларускіх нафтапрадуктаў праз порты з краін Балтыі. Тым больш, яны канкуруюць паміж сабой за беларускія грузы», – упэўненая Таццяна Манёнак.

Але адмовіўшыся ад эканамічных рэформаў ды, як вынік, ад крэдытнай праграмы Міжнароднага валютнага фонду Лукашэнка істотна павялічыў залежнасць нашай краіны ад Расеі. Калі Масква скароціць экспарт у Беларусь нафты для перапрацоўвання ды рээкспарту, гэта можа балюча ўдарыць па фінансах беларускіх заводаў ды калгасаў, якія дзяржава субсідуе за кошт нафтадолараў.

Таццяна Манёнак мяркуе, што Масква і Менск развяжуць гэтае пытанне без новай энергетычнай вайны. Але напрыканцы чэрвеня міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак ужо заяўляў, што ў трэцім квартале сёлета Беларусь атрымае толькі 4,5 млн тонаў нафты замест абяцаных раней сямі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Sergei Karpukhin / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары