Пуцін падтрымаў «экстравагантнага» Доналда Трампа


Упершыню разам. Першая лэдзі Мішэль Оўбама і кандыдатка ад дэмакратаў Гілары Клінтан.

МІШЭЛ ОЎБАМА, ПЕРШАЯ ЛЭДЗІ ЗША

«Яна найбольш дасведчаная і выразная для прэзідэнцтва, чымся іншыя кандыдаты ў нашым жыцці. Так, больш за Барака, больш за Біла. Таму яна абсалютна гатовая быць кіраўніцаю. І гэтак здарылася, што яна жанчына».

Гэтыя словы могуць быць вельмі важныя, бо Мішэль Оўбама мае вялізную папулярнасць у амерыканцаў.

ГІЛАРЫ КЛІНТАН, КАНДЫДАТКА АД ДЭМАКРАТАЎ

«Існуе шмат рэчаў, якімі я захапляюся ў нашай першай лэдзі. Ведаеце, Мішэль прыгадала нам, каб цяжка працаваць, быць шчырымі ў нашых памкненнях, быць добрымі адзін да аднаго і ніколі не спыняцца ў барацьбе за тое, у што мы верым».

Але веры не губляе і Доналд Трамп. Адное з апошніх апытанняў, якое падае выданне BBC, дае яму 44 % галасоў, а вось Клінтан – 49. Перавага нязначная.

ДОНАЛД ТРАМП, КАНДЫДАТ АД РЭСПУБЛІКАНЦАЎ

«Найбольш важны ваш голас 8-га лістапада ці раней. Вы пойдзеце аддаць найбольш значны голас, каб рабіць нешта разам, каб ізноў перамагчы».

Гэтыя словы Трамп сказаў адразу пасля выпадку з самалётам кандыдата на віцэ-прэзідэнта ад рэспубліканцаў Майка Пэнса. Машына выкацілася за межы пасадачнае паласы.

ПЭТ ФОЕ, КІРАЎНІК ПАРТОЎ НЬЮ-ЁРК І НЬЮ-ДЖЭРЗІ

«На шчасце, ніхто не пацярпеў. На борце было 37 пасажыраў і 11 чальцоў экіпажу, таксама палітык Пэнс. Не было пагрозы агню. Усе бяспечна эвакуяваліся праз задні выхад самалёта».

Гэта выпадковасць. Але ёсць і зусім не выпадковыя непрыемнасці. Зорку Трампа на Галівудскай алеі славы згасіў кувалдаю абураны паводзінамі кандыдата выбарнік.

ДЖЭЙМЗ ОТЫС

«Няма ніякіх наступстваў для яго. Ён думае, што можна хлусіць увесь час, быць серыйным падманшчыкам, жанчынаненавіснікам. Таму мы тут, каб выказаць падтрыманне ўсім гэтым кабетам, якія кажуць Трампу, што не стануць за ім больш».

Апроч абвінавачанняў ад жанчын у дамагальніцтве сур’ёзна гучаць галасы пра прапуцінскія настроі Трампа. І ўласна Пуцін бярэ слова.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ

«Ён, канешне, паводзіць сябе экстравагантна, мы ўсе гэта бачым. Але лічу, што не так гэта і бессэнсоўна, бо, на мой погляд, ён прадстаўляе інтарэсы той часткі грамадства, а яна значная ў штатах, якая стамілася ад элітаў, якія дзесяцігоддзямі знаходзяцца пры ўладзе».

Што праўда, амаль 2 дзесяцігоддзі пры ўладзе самому Пуціну не перашкаджаюць. А вось закіды ў бок Расеі з ЗША пра кібератакі і спробы паўплываць на вынікі амерыканскіх выбараў гаспадар Крамля назваў «істэрыяй».

УЛАДЗІМІР ПУЦІН

«Няўжо хтосьці сурʼёзна мяркуе, што Расея можа паўплываць на выбар амерыканскага народа? Амерыка – гэта што ніякая бананавая краіна? Амерыка – гэта вялікая дзяржава! Калі я не маю рацыі, папраўце мяне, калі ласка».

Але шмат хто з экспертаў гаворыць, што такіх кепскіх дачыненняў на лініі Масква–Вашынгтон не было з часоў халоднае вайны. Як і спробаў Крамля паўплываць на тэрыторыю іншае краіны.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»