Пуцін пачаў рэпрэсіі апазіцыі, якую падтрымлівае Хадаркоўскі


Сёння цягам дня адбываліся ператрусы ў працаўнікоў грамадскай арганізацыі «Открытая Россия», якую заснаваў і фінансуе Міхаіл Хадаркоўскі.

Дырэктара арганізацыі «Открытой России» Цімура Валеева затрымалі для допыту ў Следчым камітэце. Таксама, паводле звесткі на сайце руху, следчыя прыйшлі з пастановаю пра ператрус да галоўнага рэдактара «Открытой России», да бацькоў старшыні аднайменнага руху, да сістэмнага адміністратара рэдакцыі і да дачкі галоўнага рэдактара Цэнтру кіравання расследаваннямі.

«Ператрусы ў «Адкрытай Расеі» адбываюцца досыць рэгулярна

Нагодай заўсёды зʼяўляюцца нейкія старыя справы, звязаныя з Міхаілам Хадаркоўскім, якія раптам становяцца адкрытымі ці незачыненымі, альбо спецыяльна трымаюцца незачыненымі. На самай справе, задача следчых органаў – сабраць дадатковы матэрыял, каб знайсці якую-небудзь новую нагоду для затрыманняў або арыштаў тых, ці іншых актывістаў», – тлумачыць Анастасія Сяргеева з асацыяцыі «За свободную Россию».

Афіцыйна дзеянні праваахоўнікаў звязаныя са «справай Юкасу»

«У хадзе расследавання атрыманыя доказы, якія дазволілі прызнаць непажаданымі чатыры замежныя арганізацыі, звязаныя з фінансаваннем індывідуальных прадпрымальнікаў ды іншых асобаў, якія дзеюць ад імя «Открытой России». Тым не менш, фінансаванне дзейнасці тых жа асобаў з-за мяжы працягваецца», – заявілі ў Следчым камітэце РФ.

Гаворка ідзе пра зарэгістраваную ў Вялікай Брытаніі арганізацыю «Otkrytaya Rossia». У красавіку Генеральная пракуратура прызнала, а Міністэрства юстыцыі ўнесла яе ў пералік гэтак званых непажаданых, якая нібыта ўяўляе пагрозу бяспецы краіны. Прадстаўнік Хадаркоўскага зняпраўджвае абвінавачанне.

Рэальны супраціў сутыкаецца з рэальнымі рэпрэсіямі

Ціск на прадстаўнікоў «Открытой России» укладаецца ў адзіны пазл з пераследам Аляксея Навальнага ды ягоных аднадумцаў і з затрыманнямі актывістаў падчас акцыяў.

«Мы павінны памятаць пра тое, што кожны раз гэтая сітуацыя абвастраецца тады, калі тая ці іншая арганізацыя, той ці іншы рух, той ці іншы лідар пачынае нешта рабіць. На самай справе, гэта такая рэакцыя на нейкія дзеянні. Калі нешта робіш правільна, чакай, што за табой прыйдуць. Гэта такая логіка, якая існуе ў краіне цяпер», – мяркуе спадарыня Сяргеева.

Міхаіл Хадаркоўскі ў «Тўітэры» напісаў, што ператрусы не спыняць працы «Открытой России», затое дапамогуць зразумець, каго і ад каго насамрэч абараняюць спецслужбы.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum