Аб'ектыў 27.09.2017 Псіхолаг, гісторык, два аграрыі і выпускнік Сарбоны. БНФ выбірае старшыню


Кандыдаты на старшынства ў партыі ідуць на выбары на фоне ўнутранага расколу і недахопу фінансаў ды кадраў, але з верай у адраджэнне нацыянальнага руху ў цэлым і партыі ў прыватнасці.

Беларускі народны фронт, які некалі стаў першаю альтэрнатывай камуністычнай партыі, неўзабаве будзе абіраць новага старшыню.

Рыгор Кастусёў, 60 гадоў, Магілёў
Адукацыя: Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія

Адзін з намеснікаў Аляксея Янукевіча – найбольш вядомы ўдзельнік гонкі (сам Янукевіч, існы старшыня, пасля двух тэрмінаў на пасадзе не мае права вылучацца). Шырокай аўдыторыі палітык вядомы перадусім удзелам у прэзідэнцкіх выбарах 2010-га года.

«20-ты год у нас супадаюць і выбары ў парламент, і прэзідэнцкія выбары. Таму партыі неабходна ўжо зараз пачаць падрыхтоўку да 20-га году. Мы ўжо зараз павінны прыступіць да гэтай работы. І, я лічу, што нам неабходна ўжо зараз падумаць, аб тым, хто будзе прэтэндэнтам на пасаду кандыдата прэзідэнта ад партыі БНФ«, – кажа Кастусёў.

Ілля Дабратвор, 36 гадоў, Менск
Адукацыя: псіхолаг

Самы малады кандыдат на пасаду старшыні партыі таксама вызначыўся падчас пазамінулай прэзідэнцкай кампаніі. Што праўда, не быў нават зарэгістраваны.

«Я лічу, што я заняў дастаткова сучасную пазіцыю. Сучасную еўрапейскую пазіцыю палітыка», – кажа Дабратвор.

Збольшага расейскамоўны бацька пяцёх дзяцей, прыхільнік мяккай беларусізацыі, Ілля Дабратвор бліжэй да выбараў перайшоў на родную мову.

Алесь Таўстыка, 44 гады, Менск
Адукацыя: Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія

Дагэтуль магчымы будучы старшыня БНФ адзначыўся пікетамі і перформансамі дзеля падтрымання ўвядзення памежнага кантролю з Расеяй.

«Людзі цікавыя, даволі знаёмыя мне, маёй асобе, можа, не жыхарам Беларусі. Але ў кожным х іхных выступаў адсутнічала простая жыццёвая думка – гэта незалежнасць Рэспублікі Беларусь», – кажа Таўстыка.

Вольга Дамаскіна, 43 гады, Наваполацк
Адукацыя: гісторык, музеявед

Былая загадчыца Музею традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я балатавалася летась у дэпутаты, праз што страціла працу. Сёння кандыдатка кажа пра раскол у партыі.

«Справа ў тым, што, калі я пагадзілася на гэтую прапанову, на вылучэнне на старшыню партыі БНФ, я пагадзілася толькі таму, што яна гучала з боку кіраўніцтва партыі. І тады ў іх быў кансэнсус адносна маёй кандыдатуры. Для мяне было нечаканым і не дужа прыемным сюрпрызам, што адбыліся вылучэнні Кастусёва і Лялькова», – кажа Дамаскіна.

Ігар Лялькоў, 46 гадоў,
Адукацыя: БДУ, Сарбона, Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту

Самы адукаваны прэтэндэнт на старшынства і намеснік цяперашняга старшыні, заяўляе, што не мае асабістых амбіцыяў і вылучаецца выключна з прычыны прапановы Менскай арганізацыі партыі.

«Таму што лічу, што зараз партыя знаходзіцца ў абсалютна крытычным стане. Хіба найгоршым за ўвесь час яе існавання. Я маю на ўвазе матэрыяльна-фінансавы і кадравы стан партыі», – кажа Лялькоў.

Афіцыйна чальцамі партыі зарэгістраваныя каля шасці тысячаў чалавек. Аднак, паводле ўнутраных адзнак, актыўныя сярод іх каля паўтары тысячы.
Выбары старшыні арганізацыі адбудуцца падчас васямнаццатага зʼезду БНФ трыццатага верасня.

Лола Бурыева; фота вокладкі – радыё «Свабода»

Глядзі таксама
Каментары