Прыватызацыя ў Беларусі: што гатовы прадаць Лукашэнка


Прадаць заходнім інвестарам шэраг буйных дзяржаўных прадпрыемстваў рыхтуюцца ўлады Беларусі ў найбліжэйшай будучыні. Пра гэта па выніках свайго візіту ў Менск заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Ален Пію. Некаторыя з прыватызацыйных праектаў, якія вядуцца пры актыўнай дапамозе названай міжнароднай установы, могуць завяршыцца ўжо сёлета. Што прадаюць улады, і як гэта адаб’ецца на Беларусі?

Адзін з цэментных заводаў – сімвал правальнай дзяржаўнай мадэрнізацыі – можа быць прыватызаваны ўжо сёлета: Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця паведаміў сёння «Белсату», што яму ўжо ўдалося знайсці зацікаўленага пакупніка «Краснасельскбудматэрыялаў».

Патэнцыйны пакупнік, паводле віцэ-прэзідэнта ЕБРР Алена Пію, – гэта заходняя профільная кампанія. Яшчэ адзін прыватызацыйны праект у прамысловасці, над якім працуе каманда банку, – гэта продаж дрэваапрацоўчай кампаніі «Мастоўдрэў».

«У сектаральным плане – канкурэнтная перавага Беларусі нумар адзін – гэта дрэва. І ёсць яшчэ вялікі патэнцыял наперадзе, каб прасунуць Беларусь угару па ланцужку дададзенай вартасці, бо, напрыклад, з Польшчай у гэтым плане захоўваецца разрыў. З пункту гледжання таленту, у гэтай краіне я бачу вельмі шмат таленту, у прыватнасці, інжынернага», – кажа Ален Пію.

Заходнія кампаніі выказвалі інтарэс да набыцця дзяржаўных актываў у гэтых галінах і раней, але ўлады Беларусі пайшлі на гэта толькі цяпер, патраціўшы больш за мільярд долараў на мадэрнізацыю, вынікам якой сталіся яшчэ большыя страты гэтых заводаў, чымся да таго часу.

«Не ўлічылі шмат чыннікаў. Часцей за ўсё такое адбываецца робяцца дзяржаўныя інвестыцыі. Бо дзяржаўныя горшы – гэта ж не свае. Ну, згубіў і згубіў», – адзначае эканаміст Леў Марголін.

Апрача названых праектаў, якія пакуль у стадыі распрацоўкі, Еўрапейскі банк сам збіраецца інвеставаць 50 мільёнаў долараў у дзяржаўны «Белінвестбанк», каб узяць удзел у ягоным абнаўленні і перапрадаць потым профільнаму прыватніку. У размове з «Белсатам» віцэ-прэзідэнт ЕБРР выказаў спадзяванне, што першы буйны прыватызацыйны праект, які ім удасца ажыццявіць з уладамі Беларусі, зробіцца штуршком, які прыцягне шматлікія інвестыцыі ў Беларусь з Захаду і Далёкага Усходу.

«Сігналы – вельмі важныя. Калі ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў мы ўбачым прыватызацыю Краснасельскага цэментнага заводу, гэта будзе вельмі добрым сігналам для інвестараў. Людзі пачнуць глядзець на Беларусь і пытаць: «А ці магу я прыйсці сюды з новым праектам заводу, ці нешта купіць?» – кажа Ален Пію.

Адмыслоўцы адзначаюць: продаж беларускіх прадпрыемстваў высокатэхналагічным заходнім профільным інвестарам паспрыяе ажыўленню і дыверсіфікацыі айчыннай эканомікі, але на гэтым шляху стаяць шматлікія перашкоды.

«Можна прапахнуць адно прадпрыемства, можна прапахнуць два. У штучным рэжыме, калі гэтым будуць займацца віцэ-прэзідэнт банку і прэзідэнт Беларусі. Але, каб гэта стала сістэмаю, таму, што для гэтага трэба мець тое, што ёсць у краінах Усходняй Еўропы, але няма ў Беларусі. Гэта – вяршэнства закону», – мяркуе Леў Марголін.

Апрача дапамогі з прыватызацыяй ды павышэннем эфектыўнасці беларускіх прадпрыемстваў, ЕБРР актыўна фінансуе беларускія інфраструктурныя праекты. Дзясяткі мільёнаў долараў вылучаныя на мадэрнізацыю трасы Гомель – Берасце, пабудову другой Менскай кальцавой, цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў і ў працэсе абмеркавання рамонт 22 мастоў, што цяпер у аварыйным стане.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»