«Прымусіць уключыць унутранага цэнзара». Другі дзень запар у Беларусі затрымліваюць журналістаў


Сілавікі сёння працягнулі ператрусы і затрыманні журналістаў, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі і нават дзяржаўнымі выданнямі. Агулам схапілі больш за дзясятак рэпарцёраў ды рэдактараў, бальшыня з іх засталася за кратамі як мінімум на тры дні. Афіцыйна – паводле скаргі галоўнай рэдактаркі БелТА. Але журналісцкая супольнасць працягвае высвятляць дэталі і рабіць высновы, якія могуць праліць святло на сапраўдныя матывы затрыманняў.

Пачастункамі ды кветкамі падтрымалі сёння актывісты арганізацыі «Экадом» журналістаў парталу «TUT.BY», дзе Следчы камітэт ужо другі дзень праводзіць ператрус.

На момант, калі актывісты прыйшлі ў рэдакцыю, ператрус яшчэ працягваўся. Сёння сілавікі абшуквалі ды забіралі тэхніку на паверх ніжэй, чым напярэдадні – там, дзе месціцца тэхнічны аддзел «ТУТ БАЙ МЕДИА» ды сэрвісу ўтрымання сайтаў «HOSTER.BY», які таксама звязаны з вядомым бізнесоўцам Юрыем Зісерам.

«Любая рэпрэсія, яна, калі кранае сёння некага аднаго, то яна можа крануць і другога. І мы лічым важным выказваць салідарнасць», – кажа Алёна Дубовіч з «Экадому».

Напярэдадні Юрый Зісер напісаў у сваім «Фэйсбуку», што маштаб акцыі ды яе выкарыстанне дзяржаўнаю прапагандай сведчыць пра тое, што спецаперацыя супраць журналістаў звязаная з палітыкаю.

«Тыя тэмы, і тое як яны асвятляюцца незалежнымі журналістамі, магчыма, ня ў поўнай ступені адпавядаюць дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь», – кажа чалец «Экадому» Марына Дубіна.

Таксама сёння працягваліся затрыманні і допыты ў іншых выданнях. Зранку, пасля ператрусу ў офісе парталу «Realt.by», адтуль забралі чатырох працаўнікоў, у тым ліку – галоўнага рэдактара.

«Неабходнасці не было такой, каб браць з БелТА нейкую інфармацыю. Можа яны карысталіся для асабістых нейкіх… а можа і не карысталіся», – кажа «Белсату» дырэктар «Realt.by» Аляксандр Мартыненка.

Таксама сёння на допыт у Следчы камітэт забралі журналістаў-фрылансэраў Паўлюка Быкоўскага і Аляксандра Жукава з жонкаю. Жанчыну адпусцілі, абодвух рэпарцёраў, якія супрацоўнічалі з выданнем «Беларусы і рынак», пакінулі на трое содняў за кратамі.

«Калі пад пад раздачу – пад канкрэтнае гэтае карыстанне паролем доступу да БелТА, патрапілі яшчэ нейкія непалітычныя журналісты, то гэта толькі на руку ўладам, каб зрабіць выгляд, што, нібыта, мы дзейнічаем зусім не па палітычных матывах», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Між тым з учорашняга дня ў ізалятары застаюцца чацвёра журналістаў. Працаўніца БелаПАН Тацяна Каравянкова і тры журналісткі «TUT.BY»: Марына Золатава, Галіна Уласік і Ганна Калтыгіна. Сёння іхныя калегі і родныя прыйшлі да ізалятара на Акрэсціна і прынеслі перадачы для затрыманых.

Андрэй Герасімечка, муж затрыманай Ганны Калтыгінай, кажа, што да тых, хто праводзіў ператрусы «прэтэнзіяў няма: усё было вельмі карэктна».

«Але, сам факт таго, што гэта адбылося – гэта быў дастаткова сур’ёзны шок», – кажа Герасімечка.

У рамках справы БелТА следчыя наведаліся і ў дзяржаўнае выданне «Культура і мастацтва», але там, у адрозненне ад незалежных выданняў, сілавікі не забралі ані супрацоўнікаў, ані тэхнікі.

«У нас увогуле ніякіх следчых дзеянняў, як такіх, не было. Проста прыйшлі, паразмаўлялі, спыталі і сышлі», – кажа дырэктар выдання Ірына Слабодзіч.

Сёння «Еўрарадыё» паведаміла, што, паводле іхнай інфармацыі, шырокае кола журналістаў заходзіла на платную версію БелТА, карыстаючыся паролем дзяржаўнага выдання «СБ Беларусь сегодня». У рэдакцыі «Realt.by» нам выказалі версію, што ператрус можа быць звязаны з прыходам туды новага рэдактара, які перад гэтым працаваў у названым дзяржаўным выданні. Беларуская і міжнародная грамадзянская супольнасць, аднак, сыходзяцца на тым, што нават калі факт парушэння і быў, то непрапарцыйная рэакцыя на яго сведчыць пра тое, што гэта, хутчэй, нагода, чым прычына зачысткі.

«Надыходзе дзвюх палітычных кампаніяў, як мінімум. Можа будуць і іншыя, але гэта – парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. І, менавіта гэтым можна патлумачыць, што дзяржава задумалася пра тое, як можна абмежаваць уплыў незалежных СМІ. Прымусіць журналістаў уключыць як мага больш гучней у сябе ў галаве ўнутранага цэнзара», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Спыніць пераслед журналістаў заклікаў Еўразвяз, Рада Еўропы, арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» ды шэраг іншых беларускіх журналісцкіх ды праваабарончых аб’яднанняў.

Станіслаў Івашкевіч; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum