«Прыйшоў за паўгадзіны да закрыцця ўчастку – урна пустая». Французы абралі парламент


Пра ўхіленне грамадзянаў ад галасавання эксперты папярэджвалі загадзя.

Сёння французскія выбарнікі прыйшлі на ўчасткі ў тыя акругі, дзе кандыдаты ў першым туры не набралі 50 % галасоў.

Першыя да выбарчых скрыняў прыйшлі жыхары Французскай Гвіяны, прычым гвіянцы, як і жыхары іншых заморскіх тэрыторыяў Францыі, змаглі аддаць свой голас яшчэ ў суботу.

Яўка ў першым туры была рэкордна нізкая за ўвесь час існавання Пятае рэспублікі. Тыдзень таму партыя прэзідэнта Эманюэля Макрона і Дэмакратычны рух набралі крыху больш за 32 % галасоў.

Эксперты папярэджвалі пра заўважнае ўхіленне выбарнікаў ад удзелу ў галасаванні.

«Абсентэізм заўважны на тых выбарчых акругах, дзе прэзідэнцкі рух «Наперад!» не дамінуе. Гэта проста патлумачыць, бо Макрон заклікаў дастатковую колькасць сваіх прыхільнікаў, а іншыя партыі не. Не дастаткова змабілізавалі сваіх выбарнікаў левыя і Нацыянальны фронт», – кажа прафесар Еўрапейскага навучальнага цэнтру Нікаля Сажэа.

Партыя «Наперад, рэспубліка!», якая існуе менш за год, вылучыла ў парламент кандыдатаў з розных сфераў жыцця, у тым ліку студэнтаў ды пенсіянераў, шмат хто з іх пачаткоўцы ў палітыцы. Адметна, што выбіралі кандыдатаў на аснове біяграфіі, дасланай праз электронную пошту.

Падтрыманне партыі «Наперад, Рэспубліка!» адчувальнае, але гэта не азначае, што з палітычнае сцэны збіраюцца сыходзіць правацэнтрысцкая партыя рэспубліканцаў Нікаля Сарказі або скрайне правая партыя Марын Ле Пэн, хаця апошняя пасля паразы ў прэзідэнцкай гонцы нейкага пераканаўчага выніку падчас нядаўняга першага туру не паказала.

Яшчэ горшая сітуацыя ў папярэдніка Макрона Франсуа Алянда, сацыялістычная партыя якога, імаверна, надоўга страціла статус кіроўнае.

Наста Ільіна