«Проста адкупіцца немагчыма». Хто хоча пасадзіць Кныровіча?


Быў самым публічным бізнесоўцам, цяпер можа стаць самым публічным падсудным. Ужо заўтра Аляксандр Кныровіч паўстане перад судом Фрунзенскага раёну сталіцы. За кратамі бізнесовец правеў амаль паўтары гады, ягоную справу каментаваў кіраўнік краіны. Ці праявіць беларуская феміда літасць Кныровіча?

Аляксандр Кныровіч, бізнес-анёл, мадэратар майстар-класаў для паспяховых стартапераў, аўтар блогу «Вынікі Кныровіча». Яшчэ летась з айчынных бізнесоўцаў ён быў ці не адным з самых бачных у медыях. Напрыканцы студзеня мінулага года Кныровіч, так бы мовіць, «прысеў«, справу вялі ў Камітэце дзяржбяспекі, а сутнасць прэтэнзіяў лепш за ўсіх выказаў кіраўнік краіны.

«Сутнасць злачынства: куплялі для ЖКГ прадукцыю паводле завышаных коштаў, завышаны кошт, у дужках, дзялілі паміж сабою, павязалі дзясяткі асобаў хабарам. Цалкам выкрылі ўсе спісы, усю гэтую бухгалтэрыю», – распавёў Лукашэнка.

Сярод іншага, гаворка ідзе пра падстаўныя тэндары на пастаўку тэрмаізаляваных трубаў для камунальных прадпрыемстваў Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў. Бізнесоўца абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму каля паўтара мільёна долараў, а таксама абвінавацілі ў даванні хабару.

«Большасць буйных бізнесаў, калі не ўсе, звязаныя з дзяржаўным «дахам» і адпаведна з выплатамі пэўных незаконных адлічэнняў для дзяржчыноўнікаў. Бізнес у нас такі», – мяркуе юрыст Сяргей Балыкін.

Да таго ж сістэма ЖКГ адная з самых непразрыстых паводле коштаўтварэння, кажуць адмыслоўцы.

За час, пакуль Аляксандр Кныровіч перабывае ў следчым ізалятары, з будынку, дзе месціўся офіс кампаніі «Сармат», зніклі якія-кольвек знакі. Паводле назіральнікаў, і на бізнесе Кныровіча можна ставіць кропку.

За час, пакуль Кныровіч сядзіць, кошты на ЖКГ не знізіліся, а наадварот выраслі, іранічна заўважае Сяргей Скрабец, які сам згубіў бізнес пры «дапамозе» ўладаў Беларусі. Ягоны прагноз: Кныровіча чакае рэальны тэрмін.

«Проста адкупіцца немагчыма для яго. Ён будзе асуджаны, бо паўтары гады ён правёў за кратамі і сістэма такая, што нават калі ты нічога не краў – ты будзеш асуджаны. Колькі яму дадуць, прапанова прэзідэнта 6-7 гадоў, наколькі я чуў, ну столькі і дадуць», – мяркуе Скрабец

Самыя бізнесоўцы ў адзін голас кажуць – справа Кныровіча мае перадусім дачыненне да ягоных публічных каментароў. Сярод іншага, ён ацэньваў прыблізны кошт 17 рэзідэнцыі кіраўніка краіны, якую летась знайшлі журналісты «Белсату». Гэта быў ягоны апошні каментар медыям да затрымання.

«Усе камерсанты, якія атрымліваюцца за кратамі, менш за год не сядзяць, гэта такая практыка. Каб выцягнуць з іх усе грошы».

Кныровіч не першы з бізнесоўцаў, хто пераязджае з офісу ў СІЗА КДБ. Тамсама, напрыклад, бавіў час і Віктар Пракапеня, цяпер адзін з самых уплывовых айці-бізнесоўцаў. Наколькі небяспечна весці бізнес у беларускіх умовах, кажуць менчукі.

«Самая вялікая праблема тое, што часта мяняюцца правілы гульні».

«Асноўныя рызыкі падаткавыя».

«Рызыкі ідуць ад нашых уладаў».

Назаўтра ў судзе на лаве падсудных чакаюць 5 чалавек. Апроч Кныровіча, гэта дырэктар, намеснікі ды эканаміст кампаніі «Сармат».

АН «Белсат»