Прэзерватывы даражэйшыя за «чарніла»


Міжнародны дзень барацьбы з сіндромам набытага імунадэфіцыту. А з ім – прафілактычныя акцыі ва ўсёй краіне. Аднак колькасць інфікаваных расце. Паводле статыстыкі, у 40 % выпадкаў носьбіты вірусу – жанчыны, у 60-і – мужчыны. Пераважны шлях распаўсюду – палавы. Ніхто не застрахаваны. Але запабегчы хваробы можа кожны.

У красавіку Аляксандр Лукашэнка за дапамогу ў барацьбе з ВІЧ/СНІД нават уручыў ордэн Францыска Скарыны прадстаўніку ААН у гэтых справах Мішэлю Сідыбэ.

«Калі б не было вашага падтрымання ў барацьбе з гэтай «хваробай», мы ніколі б не дасягнулі такіх вынікаў», – заяўляў тады кіраўнік Беларусі.

Вынікі «Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» не заслугоўваюць ні ордэну, ні пахвалы.

Калі 1 студзеня ў Беларусі было зарэгістравана больш за 22 000 ВІЧ-інфікаваных асобаў, то 1 верасня – амаль 24 000.

Лічбы ўвесь час змяняюцца. І гэта толькі афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі. Адзін з важных момантаў – блізкія кантакты з Расеяй, а яна выйшла на 1-е месца ў свеце ў росце тэмпаў заражэння ВІЧ.

«Цяпер асноўная катэгорыя захварэўшых – тыя, каму 35 гадоў і старэйшыя. Тыя, хто нарадзіўся яшчэ да эпідэміі з 1987 года. Мы, лекары, паміж сабой іх называем «страчанае пакаленне», то бок яны выхаванцы яшчэ такога часу, калі не было такіх выпадкаў, і кожны лічыць, што мяне гэта не датычыць», – кажа інфекцыяніст Анатоль Чарняўскі.

А датычыць усіх. Найбольш – узроставую групу ад 15-ці да 49-х гадоў. Лідаруе ў перадачы інфекцыі сёння палавы шлях (больш як 75 % выпадкаў за першыя восем месяцаў сёлета). Праз увод ін’екцыяў – 23.

А таму прафілактыка ВІЧ – неабходнасць. Сёння ў міжнародны дзень барацьбы са СНІД мерапрыемствы ладзяцца па ўсёй краіне. Напрыклад, у Магілёве раздавалі ўлёткі, чыталі лекцыі, інфармавалі ў грамадскім транспарце. На сайце рэспубліканскага цэнтру таксама можна знайсці сацыяльную рэкламу.

Але прэзерватывы ў Беларусі не заўсёды самыя танныя. Мы параўналі кошты ў менскіх аптэках.

Самыя танныя, упакоўку тры штукі, можна купіць за 96 капеек, але – толькі ў адной аптэцы сталіцы. «Contex classic» найтанней – Br 2,62, але звычайна можна набыць прыблізна за 4 рублі – тры штукі. «Durex classic» таксама танна каштуе толькі ў некалькіх аптэках, найчасцей каштуе больш як Br 5 – за тры.

Здароўе, канешне, бясцэннае. Але прэзерватывы каштуюць на ўзроўні бутэлькі пладова-ягаднага віна (Br2,73–4,10). А такі выбар для некаторых можа і не быць выбарам. І калі дзяржава дэкларуе клопат пра грамадзяніна, яна мусіць панізіць кошты – такі крок зроблены праз прадукцыю айчынных прэзерватываў «Indigo». Іх фасуюць па 5 штук. А кошты ў сталічных аптэках каля Br 3. Праўда, у Беларусі выключна фасуюць, вырабляюцца яны ў Малайзіі.

Апроч таго, варта памятаць і пра крымінальную адказнасць за заражэнне ВІЧ. Гэтак, на Гомельшчыне, якая лідаруе ў колькасці інфікаваных, з пачатку года крымінальныя справы заведзеныя ў дачыненні 55-ці асобаў. Усе заражэнні – палавым шляхам. За заражэнне іншае асобы пагражае тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Сяргей Падсасонны