Праз карупцыю кожны беларус не атрымае $ 150


Беларускі бюджэт страчвае ад неэфектыўных і карумпаваных дзяржаўных закупаў – $ 600 млн. Калі суму падзяліць паміж усімі беспрацоўнымі, кожны атрымаў бы па $ 150 долараў на месяц. Ці змаганне з карупцыяй неэфектыўнае, ці няма найвышэйшае волі?

Лепш за Арменію і Азербайджан, але горш за Малдову

І з вялікім адставаннем ад Украіны і Грузіі. Гэтак месца Беларусі сярод краін Усходняга партнёрства ацанілі ўкладальнікі Міжнароднага рэйтынгу празрыстасці дзяржаўных закупаў.

Ва Ўкраіне ды Грузіі карупцыйных скандалаў значна больш, чым у Беларусі. Але гэта таму, што многія карупцыйныя схемы ў нашай краіне проста не выплываюць на паверхню.

У Беларусі барацьба з карупцыяй ідзе таксама

На мінулым тыдні за хабар памерам тысячу дзвесце долараў быў затрыманы чарговы дзяржаўны менеджар – намеснік дырэктара БелАЗу. Але даследнікі айчынных дзяржзакупаў кажуць, што гэта – вяршыня айсбергу. Схемы вымывання дзясяткаў мільёнаў долараў з бюджэтных закупаў у прэс рэлізах праваахоўных органаў, практычна, не зʼяўляюцца.

«Чыноўнікі могуць тварыць усё, што хочуць да тае пары, пакуль да іх ня прыйдзе праверка з МУС ці КГК. А прыходзіць яна не вельмі і часта, таму стымулаў красці – шмат», – распавёў Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Сістэма дзяржзакупаў неэфектыўная

Адмыслоўцы Беларускага інстытуту палітычнага адміністравання ацанілі сістэму дзяржзакупаў паводле 26-ці параметраў і прыйшлі да высновы, што яе эфектыўнасць складае ўсяго 50%.

«Тое, што не хапае беларускай сістэме дзяржзакупаў гэта – празрыстасці і доступу да інфармацыі. Нажаль бальшыня закупаў адбываецца па схеме закуп з адной крыніцы. Інфармацыя аб гэтых закупах нідзе не публікуецца», – зазначыў спадар Кавалкін.

Развітыя краіны перайшлі на электронныя тэндэры

Уся працэдура адкрытая для грамадства. У Беларусі электронная сістэма дзяржзакупаў таксама ёсць. Але, тлумачаць адмыслоўцы, па-першае – яна састарэлая. Там не ажыццяўляюцца здзелкі, а толькі вывешваецца частка інфармацыі. Па-другое, заканадаўства дае дзяржаўным менеджарам безліч спосабаў ухіліцца ад выстаўлення падраду на тэндэр і дазваляе заключаць здзелкі наўпрост з пастаўшчыкамі.

«Закупы ў галіне будаўніцтва – выведзеныя з-пад дзеяння закону аб дзяржзакупах адмысловым указам прэзідэнта. Потым яны зноў туды былі вернутыя, потым – зноў выведзеныя. Цудоўны прыклад галіновага лабізму, які, у выніку, кладзецца на нашыя з вамі кішэні», – мяркуе Наталля Рабава, дырэктарка школы маладых менеджараў.

Куды ні капні, паўсюль карупцыя

Аналізуючы дзяржаўныя закупы, праект«Кошт ураду» выявіў закуп валідатараў для сталічнага грамадскага транспарту ў прыватнай фірмы па ўтрая завышаным кошце.

Сёлетняе расследаванне «Белсату» выявіла аналагічную схему закупаў у беларускай энергетыцы, калі ўвесь Белэнерга замаўляў паслугі ачысткі катлоў у адной прыватнай фірмы па ўтрая завышаным кошце.

Праект кошт ураду другі год звяртаецца ў Камітэт дзяржкантролю з прапановамі наладзіць агульнапрынятую ў свеце сістэму электронных дзяржзакупаў. Але, як кажуць ініцыятары, прапанову блакуюць лабісты ў дзяржаўных структурах.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: reachman.ru