«Праядаем, а потым вяртаем з адсоткамі». У 2018-м Беларусь мае сплаціць $ 4 млрд пазык


Грошы бярэ кіраўніцтва дзяржавы, аддаваць – усім беларусам.

Ужо бліжэйшым часам Беларусь можа атрымаць новы транш крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця памерам $ 200 млн.

Дамову пра вылучэнне Беларусі двух мільярдаў долараў падпісалі яшчэ ўвесну 2016-га года, і цяпер гэтыя грошы Менск атрымлівае паэтапна. Афіцыйна сродкі вылучаныя ў межах падтрымання рэформаў.

Між тым, паводле адмыслоўцаў, ужо налета Беларусь мае сплаціць да 4-х мільярдаў пазык, а таму вылучаная сума асабліва ні на што не ўплывае.

Адмыслоўцы сцвярджаюць: новыя крэдыты эканоміцы не дапамогуць і пойдуць на выплату ранейшых пазык.

«Сёння прадпрыемствы працуюць неэфектыўна, мала прыбытку. Спроба ў гэтай сістэме стварыць прадпрыемствы – правальваецца, – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Тым часам для атрымання пятага траншу фонд выставіў і патрабаванні: бліжэйшым часам улады мусяць перадаць 20 дзяржаўных прадпрыемстваў з рэспубліканскага падпарадкавання ў камунальнае. Акрамя фінансавых момантаў эксперты бачаць і палітыку. Еўразійскі фонд кантралюецца Расеяй, якая не адмаўляе афіцыйнаму Менску ў пазыках.

«Калі крыніца адна, то давядзецца выконваць тыя рэкамендацыі, якія адтуль паступаюць. Яны могуць тычацца не толькі фінансавых пытанняў, але і палітычных паводзінаў беларускага кіраўніцтва», – кажа Юрась Губарэвіч з руху «За свабоду».

Пагатоў станам на верасень агульны дзяржаўны доўг складае больш за 20 мільярдаў (альфа – $ 20,52 МЛРД) долараў. Налета дзяржава мае сплаціць больш як 2 з паловаю мільярды долараў пазык, а з улікам даўгоў дзяржаўных прадпрыемстваў гэтая сума вырастае да 4-ох мільярдаў. Ужо на наступны год у бюджэце Беларусі ўзнікае вялікая дзірка.

«Калі мы гэтыя грошы не пусцім на новую высокатэхналагічную вытворчасць, што малаімаверна ў гэтай сістэме, значыць, што мы іх праядзім, а потым іх трэба вяртаць гэты доўг ды яшчэ і адсоткі», – дадае Леанід Злотнікаў.

Улады Беларусі могуць зноў прасіць крэдытораў адкладаць тэрміны выплатаў па крэдытах. Але і гэта праблемы не развяжа.

Вітаўт Сіўчык