Правільнае ратаванне ад марозу: «Не піць, не курыць, займацца спортам»


Маразы мякчэюць, але застаюцца. Пасля суворых выходных слупок тэрмометра трошку падняўся ўверх. Тэмпература па краіне сёння ўдзень вагалася ў межах мінус 12-16 градусаў.

За мінулыя выходныя да медыкаў звярнуліся 180 асобаў з пераахалоджваннем і абмаражэннямі – паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Не абышлося і без смяротных ахвяраў. У экстрэмальных тэмпературных умовах безупынна працуюць дактары, аварыйныя і ратавальныя службы. Між тым грамадзяне нашай краіны да выклікаў надворʼя ставяцца мужна.


«Увогуле, канешне, халодна, але прыемна».

«Рухацца, рухацца. Калі стаіш – замярзаеш».

«Ці гэта холадна ўвогуле? Мінус 46 – гэта холадна».

– кажуць менчукі.

Нізкія тэмпературы забіраюць жыцці людзей

Паводле інфармацыі МНС, ад пераахалоджвання за выходныя загінулі прынамсі 5 чалавек, дзясяткі пацярпелі. А ў выніку пажараў толькі за апошнія содні не стала 10 асобаў. Менавіта ў моцныя халады праз няправільную эксплуатацыю абагравальных прыбораў узгаранні ў дамах здараюцца часцей.

«Вялікая колькасць зваротаў у органы аховы здароўя з рознымі відамі холадавых траўмаванняў, плюс некалькі было выпадкаў абрыву лініяў электраперадачаў у звязку з такімі нізкімі тэмпературамі», – зазначыў Аляксандр Бяганскі, сіноптык Белгідраметцэнтру.

«Працы вельмі многа, вельмі ў звязку з гэтымі маразамі ацяпленне рве, водаправоды, па электрыцы многа працы, разы ў тры павялічылася праца», – пацвердзіў працаўнік гарадской аварыйнай службы.

Як дбаць пра бяспеку ў экстрэмальныя маразы?

І хаця беларусы, у адрозненні ад паўднёвых еўрапейцаў, якія гэтымі днямі таксама пакутавалі ад моцнага холаду, да кусачага марозу больш падрыхтаваныя, асцярожнасць не зашкодзіць.

Лекары раяць апранаць некалькі слаёў свабоднай адзежы, каб стварыць паветраную праслойку, не забыцца пра шапку, шалік, замест пальчатак лепш выбраць рукавіцы, а перад выхадам на вуліцу – паесці цёплай ежы».

Пры гэтым, алкаголь у маразы ніяк не памочнік. Тое, што спіртавыя напоі нібыта дапамагаюць сагрэцца – выдумка. Наадварот, эфект умоўных 50 грамаў сыходзіць вельмі хутка і арганізм ахалоджваецца яшчэ хутчэй. Асабліва пільнымі ў такі перыяд мусяць быць і кіроўцы. З-за галалёдзіцы, нагадваюць у ДАІ, трэба зніжаць хуткасць, трымацца на адлегласці ад іншых аўтаў, пазбягаць рэзкага тармажэння.

Будзе халадно і надалей

У другой палове тыдня сіноптыкі абяцаюць далейшае павышэнне тэмператураў – яны не будуць падаць ніжэй за мінус 10, а часам і дасягнуць плюса. Але варта чакаць снегу, моцнага ветру і завірух.

Таццяна Рэут, «Белсат». фота: greenland.com