Бацькоўства ў Беларусі - не для бедных


Забраць трохмесячнае дзіця ў бацькоў. Для гэтага, падаецца, патрэбная сур’ёзная прычына, кшталту небяспечнай сітуацыі ў доме ці асацыяльных бацькоў. Але аказваецца, што ў Беларусі прычынаю адбору дзіцяці ў бацькоў можа зрабіцца… беднасць.

Дзіця ў бацькоў забралі – гэтак пастанавіў Лоеўскі райвыканкам, не зважаючы на тое, што трохмесячны Максім Коўзік яшчэ ні аднаго дня не правёў удома. Увагу мясцовай Камісіі справаў няпоўнагадовых прыцягнула мінулае бацькі немаўляці, які з маці хлопчыка жыве без шлюбу. Яго характарызуюць як схільнага да гвалту беспрацоўнага. Стаіць на ўліку ў наркалагічным кабінеце. Сямʼя нязгодная.

«А цяпер ён уладкаваўся на працу, работнікам ПМС, заробак малы таксама – 200 рублёў. Але схільны да гвалту – такога не было. Ён мяне за 16 гадоў ніколі не збіваў», – кажа Алеся Фаміных, маці Максіма Коўзіка.

А піць кінуў, як кажуць – закадаваўся. Мясцовым чыноўнікам гэтага мала, у хаце давялося зрабіць рамонт, трэба яшчэ правесці ваду. Апошняе – практычна немагчыма.

«Чым хутчэй праведзяце ваду, тым хутчэй будзе ў вас дзіця. Але на сёння я такую паслугу не магу выканаць, бо за правядзенне вады трэба 600 рублёў, а ў мяне на сёння няма нават за што булку з хлебам набыць, я пазбаўленая ўсялякіх сродкаў да існавання. А яшчэ яны патрабуюць, каб я выйшла на працу і выплачвала на дзіця грошы», – працягвае Алеся Фаміных.

Сёння маці дазваляюць бачыцца са сваім дзіцём не даўжэй за паўгадзіны на дзень. Мясцовае кіраўніцтва Камісіі справаў няпоўнагадовых недасяжнае праз тэлефон цягам усяго працоўнага дня, а ад камеры яны папросту ўцякаюць. Паводле праваабаронцаў, чыноўнікі нават не спрабавалі разабрацца ў сітуацыі.

«Яны спяшаюцца, нібыта ў іх ёсць план, нібыта ім заўтра прэмію дадуць за ўмяшальніцтва ў жыццё беднай сямʼі. Так, сямʼя бедная, але ў нас уся краіна жыве ў сацыяльна небяспечным становішчы», – адзначае праваабаронца Леанід Судаленка.

Жанчына працуе прыбіральніцаю восем гадзінаў на дзень, зарабляючы пры гэтым менш за 200 рублёў за месяц. Здавалася б, у такіх умовах варта дапамагчы маладой сямʼі, а не разбураць яе.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu