Праваабаронца пра ўмовы ў СІЗА: «Можна прыраўняць да катаванняў»


Круглыя содні святло, радыё на поўную гучнасць, невыносны холад, антысанітарыя. І за ўсю гэтую раскошу пад назваю «ізалятар часовага ўтрымання» яшчэ трэба заплаціць.

У сталіцы і рэгіёнах працягваюць выходзіць з содняў беларусы, пакараныя арыштамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Сваймі ўражаннямі ад умоваў за кратамі яны дзеляцца не толькі з журналістамі, але і з праваабаронцамі, якія накіроўваюць скаргі ў пракуратуру.

12 скаргаў і заяваў актывісты з Гомля, якія адбывалі пакаранне за ўдзел у Маршы недармаедаў, пасля вызвалення падалі ў пракуратуру і міліцыю на ўмовы ўтрымання ў мясцовым цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Цяпер былыя арыштанты свой досвед узгадваюць з усмешкаю, але на соднях было не да смеху.

«Яны былі вымушаныя спаць у верхняй вопратцы і ў ботах. Скразнякі з вакон, з дзвярэй. Людзі скардзяцца на тое, што гучна ўключалі радыё, што прыходзілася заціскаць вушы. А гэта можна прыраўняць да катаванняў», – кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Хтосьці з актывістаў замярзаў у камеры, хтосьці пры 24-хгадзінным штучным асвятленні не мог ні спаць уначы, ні чытаць удзень, а хтосьці элементарна не мог пачысціць зубы ўвесь тэрмін зняволення, бо перадачаў не перадавалі.

«Задаваў пытанні: чаму мне не прыходзяць перадачы? Адказ: няма блізкіх родных. Я кажу: мне сядзець яшчэ чатырнаццаць дзён, а ў мяне парваліся майткі. Вы ж не забяспечыце мяне майткамі і зубной шчоткай», – распавядае грамадскі актывіст Віктар Рубцоў.

«Тое, што мы выявілі: Толчын і Захаранка ў адзін і той жа дзень селі на восем содняў, сядзелі ў суседніх камерах. Аднаму выставілі рахунак, што ён наеў на 10 капеек у дзень, а другому, што на цэлы рубель», – працягвае Леанід Судаленка.

Гомельскага праваабаронцу Анатоля Паплаўнага за ўдзел у акцыях недармаедаў улады пакаралі двойчы: 10 содняў далі за пратэст у Гомлі і 5 содняў накінулі падчас адбыцця пакарання за акцыю ў Рагачове. Цяпер, пасля вызвалення, на парушэнні пенітэнцыярнай сістэмы праваабаронца скардзіцца ў мясцовую пракуратуру.

«Мы ўсё ж такі павіны нейкім чынам уплываць, бо гэта закрытыя ўстановы, ад журналістаў закрытыя, ад грамадства. Што там робіцца?» – выказваецца Анатоль Паплаўны.

Па ўсёй краіне за апошнія тыдні толькі праз акцыі пратэсту з варункамі айчынных ізалятараў часовага ўтрымання пазнаёміліся 239 чалавек. Больш за дзесяць надалей застаюцца за кратамі.

Глядзіце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu