Аб'ектыў 22.12.2017 Праваабаронца: Памежнікі здзекуюцца над чачэнцамі


Наўпрост дапамаглі больш як дзвюм сотням чалавек, яшчэ 40 – пракансультавалі. Сабралі і раздалі амаль 2,5 цэнтнеры гуманітарнай дапамогі, ладзілі мерапрыемствы ў Берасці і дасылалі запыты і скаргі ў міжнародныя інстанцыі. Актывісты місіі «Human Constanta», якая працуе ўцекачамі-выхадцамі з Паўночнага Каўказу ў Беларусі, падрыхтавалі справаздачу за год сваёй дзейнасці.

«Была вельмі сур’ёзная сітуацыя. Там было некалькі тысячаў людзей, якія загрузлі ў Берасці, а польскі бок – у парушэнне сваіх міжнародных абавязальніцтваў – нават на сваю тэрыторыю не пусціў, каб у іх была магчымасць папрасіць пра статус уцекача», – зазначыў Андрэй Сушко, сузаснавальнік «Human Constanta».

Уцекачы з Паўночнага Каўказу, а гэта пераважна чачэнцы, афіцыйна ў нашай краіне з’яўляюцца «вымушанымі мігрантамі». Асноўная праблема чачэнскіх уцекачоў, паводле праваабаронцы Эніры Браніцкай, у тым, што польскі бок папросту не дае ім магчымасці стаць уцекачамі афіцыйна, то бок спачатку папрасіць статус уцекача, а затым атрымаць яго.

Паездкі з Берасця да Тэрэспаля амаль заўжды сканчаюцца вяртаннем

«Паводле міжнародных стандартаў, памежнікі павінны прыняць дакументы і далей ужо маюць размеркаваць іх у цэнтр утрымання і г.д. Але памежнікі папросту ігнаруюць іх запыт. І наш маніторынг сведчыць пра тое, што акрамя таго, што яны ігнаруюць, у многіх выпадках яны папросту здзекуюцца над гэтымі людзьмі»,– даводзіць Эніра Браніцкая.

У выніку, актывісты «Human Constanta» нават накіравалі ў Еўрапейскую камісіі па правах чалавека чатыры адпаведныя скаргі на Польшчу. Між тым, непрыемнасці чачэнскіх уцекачоў чакаюць і па наш бок мяжы. І гэта не толькі адсутнасць цёплай вопраткі ці ежы ў людзей, якія не разлічвалі надоўга затрымлівацца ў Беларусі.

Сінявокая і небяспечная

Заставацца ў Беларусі, на тэрыторыі якой вольна пачуваюцца расейскія, а значыць і чачэнскія спецслужбы, ад пераследу якіх і бягуць многія вымушаныя мігранты, таксама не выпадае: у медыі трапілі прынамсі некалькі выпадкаў дэпартацыі ўцекачоў на запыт сілавікоў Кадырава. Між тым і трапіць пад ахову беларускай дзяржавы шанцы ў «нябачных уцекачоў», лічы, прывідныя. За ўвесь 2018-ты год нашая краіна плануе прыняць агулам не больш за 800 просьбаў аб статусе ўцекача.

Валеры Руселік, «Белсат», фота: noizz.pl

Глядзі таксама
Каментары