Праўладны суботнік у Курапатах


Улады нарэшце нібыта заўважылі, што пад Менскам знаходзіцца ўрочышча, дзе пахаваныя тысячы нявінных ахвяраў сталінізму. У Курапатах прайшла незвычайная талака.

Актывісты БРСМу, «Белай Русі» і Федэрацыі праўладных прафсаюзаў прыбіралі галлё пасля нядаўняга высякання дрэваў. Акцыю шырока асвятлялі дзяржаўныя медыі.

Напярэдадні работнікі гаспадарчых службаў пілавалі дрэвы, ва ўрочышчы было шмат тэхнікі. Таксама ўчора Лукашэнка заявіў, што ў Курапатах пабудуюць новы мемарыял. Міністэрства культуры ўжо абвесціла конкурс на яго стварэнне.

Цікавасць уладаў да Курапатаў павялічылася пасля лютаўскіх акцыяў абароны месца, дзе ў трыццатыя гады расстрэльвалі рэпрэсаваных беларусаў. Пратэст выклікала будоўля бізнесовага цэнтру ўсяго за некалькі дзясяткаў метраў ад урочышча.