Аб'ектыў 12.01.2017 Працяг харчовай вайны з Расеяй: мяса не спадабалася


Гэтым разам у Расею не пусцілі 25 тонаў беларускага мяса. Як патлумачылі ў «Рассяльгаснаглядзе», прадукцыя філіялу «Сервалюкс-Агра» і прадпрыемства «Вітконпрадукт» перавозілася з парушэннямі нормаў.

«Гэтыя гандлёвыя войны будуць працягвацца да таго моманту, пакуль адносіны паміж краінамі не будуць пабудаваныя на нармальных рынкавых прынцыпах, на якіх працуюць дзяржавы нармальнага парадку», – патлумачыў Андрэй Ягораў з цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі.

Далёка не першы за апошні час інцыдэнт з беларускімі харчамі на расейскім рынку

Летась у кастрычніку «Расяльгаснагляд» чарговы раз абмежаваў пастаўкі з беларускіх прадпрыемстваў. Гэтым разам санкцыі закранулі сем вытворцаў мяса-малочнай прамысловасці. Афіцыйная прычына – грубыя парушэнні заканадаўства Еўразіўскага эканамічнага саюзу. Менск шукае ў захадах Расеі палітычныя матывы ды пагражае нават судом. Такую магчымасць не выключыў былы прэм’ер-міністр Беларусі, сябра адмысловай калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі.

«У сувязі з адсутнасцю ў Еўразійскай эканамічнай камісіі ўплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады, Рэспубліка Беларусь мае права звярнуцца ў суд Еўразійскага эканамічнага саюзу для канчатковага развязання гэтага пытання», – упэўнены Сяргей Сідорскі.
А гэтак востра, яшчэ летась у снежні, на адрас кіраўніка «Рассяльгаснагляду» Сяргея Данкверта выказаўся кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«А ў нас нават калі ўсё будзе добра, такія дзеячы як Данкверт і падобныя аплююць, абылгуць, абгадзяць, як гэта было нядаўна».

Незадоўга да гэтага Данкверт абвінаваціў афіцыйны Менск у нядобрасумленнасці падчас закрыцця расейскага рынку для паставак з Еўрапейскага Звязу і Украіны. У якасці прэтэнзіі прагучалі шматлікія факты махлярства і рээкспарту санкцыйных харчоў у Расею, а таксама нізкая якасць беларускага малака. Некаторыя эксперты не выключаюць, што і апошні інцыдэнт з мясам гэта працяг той самай гісторыі.

«Калі Беларусь пачала развіваць кантрабандны тэрмінал, стала ясна, што трэба закрываць межы. На мяжы зʼявіліся такія лятучыя атрады. І зразумела, што ў гэтым жа фармаце па перакрыццё трапіла і беларуская прадукцыя. Пагнаўшыся за кантрабанднымі грошамі, беларускія ўлады перакрылі доступ сваім прадпрыемствам», – даводзіць расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Некаторыя бачаць выключна палітычныя прычыны

«Расея лічыць, што Беларусь паводзіць сябе нелаяльна. Яна дэманструе незалежную пазіцыю па Украіне, не падтрымала расейскіх санкцыяў. Тут Расея лічыць, што можа ліквідаваць частку тых субсідыяў і эканамічных прэферэнцыяў, якія мае Беларусь праз доступ да расейскага рынку, да больш танных энергетычных рэсурсаў», – упэўнены Андрэй Ягораў.

Харчы – гэта далёка не адзіны фронт, на якім адбываюцца расейска-беларускія войны

Паводле некаторых расейскіх медыяў, паміж Беларуссю і Расеяй працягваецца і газавая спрэчка праз буйныя запазычанасці Менску. А гэта можа прывесці да значных скарачэнняў паставак нафты ў Беларусь.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: tvc.ru

Глядзі таксама
Каментары