Аб'ектыў 19.03.2017 Працавалі, а на пенсію не зарабілі


Працавалі, а на пенсію не зарабілі. У такую сітуацыю трапілі некаторыя беларусы праз змену заканадаўства, паводле якога мінімальны працоўны стаж для атрымання пенсіі павялічыўся да пятнаццаці з паловаю гадоў.

Пра тое, што ў сталым узросце застанецца без аніякіх выплатаў, паэт Алесь Макрацоў нават не здагадваўся. Людзям творчым дзяржава налічвала пенсіі за творчы стаж, справядліва лічачы, што для творчасці сталае месца працы не патрэбнае. Алесь Макрацоў працаваў, выдаваў кнігі. Да таго ж меў пяць гадоў стажу з адлічэннем страхавых унёскаў на будучую пенсію. Раней гэтага было дастаткова. Але закон змянілі. І 60-гадовы паэт пенсіі не атрымаў.

Спадар Макрацоў не можа атрымаць не толькі працоўную пенсію, але і сацыяльны мінімум, які складае ўсяго 90 рублёў. Цяпер сацыяльную пенсію налічваюць толькі праз пяць гадоў пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. У выніку паэт фактычна пастаўлены ва ўмовы выжывання. Даводзіцца харчавацца загатоўкамі з агароду, у краме ён можа набыць толькі хлеб і гарбату, зрэдку – пакет кефіру.

«Я нават не хаджу ў іх паліклініку. Чаму не хаджу? Не таму што прэзідэнт кажа, што вы там на дзяржаўнае… А проста мне выпішуць там лекаў, а мне іх набываць усё роўна няма за што. Які сэнс мне туды хадзіць?», – Алесь Макрацоў, паэт.

Алесь Макрацоў не адзіны, каму творчай працы не залічылі ў страхавы стаж. Паводле старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, з аналагічнаю праблемай сутыкнуліся шмат якія літаратары.

«Працавалі над сваймі творамі, вядома ў гэты час страхавыя ўнёскі за іх не плаціліся, хаця можа быць плаціліся ўнёскі з іх ганарараў, ці плаціліся ўнёскі з іх кніг. Таму за савецкім часам быў гэты панятак – творчы стаж, які ўваходзіў у працоўны стаж, паводле якога налічвалася пенсія. Зараз гэтага няма, і вось гэта праблема», – Барыс Пятровіч, старшыня беларускіх пісьменнікаў

У групу рызыкі трапілі не толькі творцы, але і ўсе грамадзяне, якія не маюць пятнаццаці з паловаю гадоў, цягам якіх рабіліся адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У выніку права на працоўную пенсію пазбавіліся некаторыя вайскоўцы, працаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, праваахоўнікі. А таксама жанчыны, бо гэтак званы дэкрэтны адпачынак таксама не ўваходзіць у страхавы стаж. І надалей беларусаў, якія пацярпелі ад зменаў пенсійнага заканадаўства, будзе толькі больш. Бо мінімальны тэрмін гэтак званага страхавога стажу для атрымання пенсіі будзе павялічвацца і да 2025 года мусіць дасягнуць не менш за 20 гадоў.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы, у пазамінулым годзе каля тысячы чалавек ужо сутыкнуліся з праблемаю немагчымасці атрымаць пенсію. Звестак за мінулы год яшчэ няма, але, паводле ацэнак адмыслоўцаў, у 2016-м у пенсійную пастку трапіла яшчэ большая колькасць беларусаў. Дзяржава абышлася з імі бязлітасна: ніякіх выключэнняў не прадугледжана. І калі ў складаных сітуацыях звычайна дапамагаюць сваякі, то ў таго ж Алеся Макрацова блізкіх сваякоў не засталося. А зарабляць праз збор грыбоў і ягад у лесе і даглядаць агарод з кожным годам становіцца ўсё цяжэй…

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары