Пратэсты ў Арменіі працягваюцца. На чыім баку сябра Лукашэнкі?


У Арменіі ўзнавіліся акцыі пратэсту. Прыхільнікі Ніколы Пашыньян, выйшлі на вуліцы Ерэвану пасля таго, як стала вядома, што перамовы паміж пратэстоўцамі і прадстаўнікамі ўладаў не адбудуцца. Да пратэстаў далучылася і партыя «Квітучая Арменія», якую ўзначальвае сябра Лукашэнкі, бізнесоўца Гагік Царукян.

Перамовы паміж урадам і пратэстоўцамі сарваліся, і жыхары Ерэвану зноў вышлі на вуліцы.

«Мы хочам, каб людзі жылі так, як хацелі б. А не з’язджалі ў іншыя краіны, каб працаваць і карміць сваю сямʼю».

«Мы хочам, каб прыхільнікі Сэржа Саргсьяна саступілі ўладу, а на іх месца заступіў Нікол Пашыньян».

«Нашая моладзь хоча жыць у добрай, нармалёвай краіне, а не ў краіне, дзе жывуць адныя алігархі, дзе ўсё, што робіцца, робіцца для іх».

Пра зрыў сустрэчы паміж выканальнікам абавязкаў прэмʼер-міністра краіны Карэнам Карапэтянам і лідарам пратэстаў Ніколам Пашыньянам стала вядома напярэдадні. Апошні патрабуе правядзення датэрміновых выбараў без удзелу кіроўнай Рэспубліканскай партыі пад кіраўніцтвам Сэржа Саргсьяна, які пад націскам шматтысячных пратэстаў сышоў у адстаўку.

«Народ перамог, і ніхто не мае права спрабаваць забраць гэтую перамогу ў народу. Гэтага не будзе», – заявіў Пашыньян.

Аднак улады не здаюцца ды абвінавачваюць у зрыве перамоваў пратэстоўцаў – выканальнік абавязкаў прэмʼер-міністра краіны Карэн Карапэтян адхіліў план Пашыньяна прызначыць часовым кіраўніком краіны «кандыдата ад народу».

«Калі яны вырашаць, што існуе неабходнасць у датэрміновых выбарах, вызначаць тэрміны, каб падрыхтавацца да іх, то тады правілы гульні будуць роўныя для ўсіх. Менавіта тады мы будзем рухацца наперад, грунтуючыся на гэтым», – заявіў Карапэтян.

Аднак утрымаць уладу рэспубліканцам наўрад ці ўдасца, мяркуюць адмыслоўцы, – у першую чаргу праз нізкі рэйтынг партыі.

«Галоўныя чальцы кіроўнай партыі, іх 5-6 асобаў, яны нават не маюць нейкіх пасадаў ва ўрадзе, яны простыя дэпутаты… І калі яны выходзяць і кажуць – хай людзі бульбу ядуць! Кажуць, мы падымем кошты на тавары, а заробкаў падвышаць не будзем. Ім кажуць – а як мы жыць будзем? А гэта не нашыя праблемы, адказваюць яны», – кажа палітолаг Сцяпан Грыгарян.

І калі Карэн Карапэтян вядомы сваймі сувязямі з Крамлём праз ранейшую працу ў расейскім «Газпроме», то каньячны алігарх Гагік Царук’ян, які кіруе партыяй «Квітучая Арменія» ды якая сёння далучылася да антыўрадавых пратэстаў, не хавае сваім блізкіх сувязяў з кіраўніком Беларусі. З 2010 года Царук’ян мае сталы бізнес у нашай краіне, у 2011-ым алігарх заклаў на сваім заводзе вялізную бочку каньяку, прызначаную для будучага вяселля Колі Лукашэнкі.

А ў 2016-ым нават падарыў малодшаму сыну кіраўніка Беларусі чатырох рэдкіх белых ільвянятаў, кошт кожнага з якіх варʼюецца ў межах 140-ка тысячаў долараў.

«Магчыма, алігарх адчувае, што Рэспубліканская партыя, партыя ўлады дэзінтэгруецца і хутка траціць папулярнасць. І таму яму трэба забяспечыць свае бізнес-інтарэсы пераходам на іншую палітычную пляцоўку», – кажа палітолаг Аляксандр Папко.

Што ж да інтарэсаў Царук’яна ў Беларусі, мяркуе палітолаг, яны наўрад ці зведаюць змены, бо яны карысныя для абодвух бакоў. Бо, як кажуць, нічога асабістага, бізнес ёсць бізнес.

Віталь Бабін, «Белсат»