Пратэсты супраць заводу: У Берасці сілавікі палююць на вядзьмарак


Каля сотні асобаў прыйшлі сёння на чарговую акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці.

Сярод удзельнікаў былі актывісты Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін і Зміцер Андрасюк, якіх затрымалі за тое, што збіралі подпісы за адстаўку кіраўніцтва Берасцейшчыны.

«Дым сигарет с ментолом», песня з далёкіх дзевяностых, гучыць у міліцэйскім мікрааўтобусе, якім вязуць блогераў Кабанава і Пятрухіна ў Ленінскае РУУС Берасця. Суровыя твары амапаўцаў нічым не адрозніваюцца ад бандзюкоў з тых ліхіх часоў.

Нагодай для затрымання стаў збор подпісаў супраць кіраўніцтва Берасцейшчыны, якое не прыслухоўваецца да гараджанаў. Цяпер Пятрухін, Кабанаў і Андрасюк афіцыйна затрыманыя, на іх складзеныя пратаколы паводле артыкулу «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Перад затрыманнем Аляксандр Кабанаў адзначыў невялікую колькасць людзей на акцыі. І цалкам магчыма – з-за таго, што мясцовае кіраўніцтва задзейнічала адміністратыўны рэсурс для ціску на нязгодных.

«Маюцца ўжо факты, калі актывістаў групы супраць заводу пачынаюць звальняць з працы. Мы іх пазней будзем агучваць, каб разбірацца. То бок пачынаецца прэсінг ужо на тых людзей, якія тут з’яўляюцца», – адзначыў Аляксандр Кабанаў.

Паводле блогера, з імі не працягваюць кантрактаў і звальняюць з працы. Што ж да тых, хто сёння выйшаў на акцыю пакарміць галубоў, то тут назіраецца змена стаўлення.

«Калі яны бачаць, як пачынаюць прэсаваць актывістаў ні за што… Госпадзі, вы ж нічога, падаецца, і не робіце. Проста выражаеце сваю грамадзянскую пазіцыю, не крычыце, уладу не звяргаеце – усё адно вас арыштоўваюць, даюць штрафы. Значыць, тут на самой справе нешта не тое», – працягвае Кабанаў.

Пра тое, што ў Дацкім каралеўстве ўсё даўно згніло, прычым у найлепшых шэкспіраўскіх традыцыях, ведаюць і анархісты. Учора яны перакрылі трасу М1 на знак пратэсту супраць будаўніцтва.

У сваёй заяве яны адзначылі:

«Будаўніцтва заводу выклікала масавыя пратэсты берасцейцаў, на мітынг супраць заводу выйшла каля 2 тысяч чалавек. Нягледзячы на гэта, улады і ўласнік заводу не адмаўляюцца ад сваіх планаў. Анархісты выступаюць супраць будаўніцтва шкоднай для экалогіі вытворчасці паблізу гораду і таму ў падтрымку пратэстоўцаў перакрылі трасу».

Таксама на самой будоўлі яны намалявалі надпіс «Не заводу АКБ!». Ужо сёння міліцыя масава наведвае анархістаў і шукае тых, хто ўчора правеў акцыю супраць заводу.

Ужо некалькі месяцаў берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу, які будуецца недалёка ад гораду. Але нічога не змяняецца. Старт вытворчасці плануецца напрыканцы года. Там наладзяць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. З гэтай нагоды каля 37-мі тысяч подпісаў супраць былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, толькі адтуль ніякай рэакцыі, відавочна, і не будзе.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu