Пратэсты недармаедаў: новыя ператрусы, пагрозы і затрыманні


Працягваецца хваля ператрусаў, пагрозаў, позваў у міліцыю ў тых гарадах, дзе маюць адбыцца новыя акцыі пратэстаў. Была Ворша, пазней жа атаку на офіс апазіцыйных сілаў зладзілі ў Бабруйску. Запужваць спрабуюць і не актывістаў, а проста працаўнікоў прадпрыемстваў, якія збіраюцца выйсці на вуліцы. Але дзесьці і залагоджваюць. Як у Горадні з дапамогаю круглага стала з апазіцыяй.

У сценах гарадзенскага гарвыканкаму такога не было цягам апошніх дваццаці гадоў

На сустрэчу з кіраўніцтвам гораду першы раз запрасілі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Аднак калі яшчэ ўчора актывісты спадзяваліся на дыялог пра Дэкрэт аб дармаедах, то сёння не засталося ніякіх сумневаў.

«Мясцовая ўлада баіцца звярнуцца да прэзідэнта, каб адмяніў гэты дэкрэт. Яны баяцца, бо кожны трымаецца за сваё месца. Гэта ўлада не абраная, а прызначаная», – зазначыла Ежы Грыгенча, актывістка АГП.

Гэтак нічога чыноўнікі не пастанавілі, затое вельмі прасілі адмяніць запланаваную ў Горадні на 15-га сакавіка акцыю. Са свайго боку прадстаўнікі апазіцыйных партыяў падчас круглага стала выставілі ўладам свае патрабаванні. Акрамя адмены падатку…

«Мы патрабуем вяртання свабоды сходаў у нашым горадзе. Фактычна з канца дзевяностых у горадзе не дазволілі ніводнае масавае мерапрыемства. Мы патрабуем таксама спыніць пераслед актывістаў», – заявіў Вадзім Саранчукоў з партыі БНФ.

Пераслед апанентаў уладаў не спыніцца

Адбыўся ператрус, а дакладней, са словаў актывістаў, напад на офіс Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Бабруйску. Міліцыянты не паказалі ні пасведчанняў, ні дазволу на вобшук. Пазней стала вядома, што фізічную сілу ўжываў падпалкоўнік Руцько.

«Кажа, для вас дастаткова, што я ў форме. Што гэта за адказ такі? Я не разумею, мы жывем у фашысцкай дзяржаве? У нас што, дзяржава чорных палкоўнікаў?», – абураецца Інга Судзілоўская.

З сядзібы партыі забралі газеты і ўлёткі. Як паведамілі міліцыянты, падставаю для ператрусу стала ананімнае тэлефанаванне: нібыта ў офіс заносілі вялікія скрыні. У АГП маюць сваю версію падзеяў.

У Бабруйску гэта не першы факт ціску на нязгодных з Дэкрэтам № 3

На прадпрыемствах гораду вядзецца актыўная «прафілактыка» імаверных пратэстоўцаў. Да прыкладу, на «Белшыне» людзей папярэджваюць, што прысутнасць на маршы можа абярнуцца непрыемнымі наступствамі.

«Збіраецца шмат кіраўнікоў і пачынаюць апрацоўваць рабочага. Калі ім нешта не спадабаецца, можа дайсці і да спынення кантракту», – распавядае Георгій Спасюк, працаўнік «Белшыны».

У Магілёве арганізатараў акцыяў нязгоды выклікаюць у міліцыю

Супраць Уладзіміра Шанцава і Алега Аксёнава распачалі адміністрацыйны працэс. Падстава – удзел у маршы, які прайшоў у горадзе 19 лютага. Наступны пратэст недармаедаў запланавалі на 15-га сакавіка. Сёння стала вядома, што ў гэты дзень актывістаў могуць выклікаць у міліцыю.

«Нягледзячы на гэта мы не збіраемся спыніць сваю дзейнасць. Нашая дзейнасць не парушае ніякіх законаў. Мы дзейнічаем у межах канстытуцыі Беларусі», – зазначыў грамадскі актывіст Алег Аксёнаў.

Менскія ж улады дазволілі шэсце і мітынг 15 сакавіка

Што праўда, зацверджаны ў Менгарвыканкаме маршрут задавальняе далёка не ўсіх імаверных удзельнікаў пратэсту. Не выключана, што на плошчу Бангалор людзі ісці адмовяцца, а шэсце накіруюць у цэнтр гораду.

«Чакаем шмат людзей. Пасля самыя людзі мусяць прымаць рашэнні. Мы заклікаем да гэтага людзей. Якое рашэнне яны прымуць, туды мы і пойдзем», – падсумаваў Анатоль Лябедзька, лідар АГП.

Паводле ацэнак кіраўніцтва Абʼяднанай грамадзянскай партыі, удзельнічаць у Маршы недармаедаў у Менску выйдзе не менш за 30 000 чалавек.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Siarhei Balai / Zuma Press / Forum