Аб'ектыў 07.07.2017 Пратэст у Менску: актывісты патрабуюць вызваліць палітвязняў


Вызваліць усіх палітвязняў і спыніць вонкавую агрэсію адносна Беларусі. У Менску на Кастрычніцкай плошчы адбылася акцыя салідарнасці з палітзняволенымі, якую зарганізаваў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі ды якая сабрала ў выніку з дзясятак удзельнікаў.

«Выходзіць за палітвязняў, выходзіць за незалежнасць – гэта святыя рэчы, у нас няма іншага шляху. Гэта трэба рабіць, незалежна ад арыштаў, штрафаў і ўсяго іншага», – патлумачыў сваю актыўнасць Максім Вінярскі.

За кратамі застаюцца двое палітвязняў

Гэта актывіст Зміцер Паліенка і праваабаронца Міхаіл Жамчужны. Прадстаўнікі форуму «Свабоду палітвязням», якія падтрымалі сённяшнюю акцыю, дадаюць да гэтага спісу, спасылаючыся на крытэрыі парʼе, яшчэ некалькіх асобаў. Сярод іх – краязнаўца Аляксандр Юркойць, баец «Правага сектару» Тарас Аватараў, антыфашысты Ілля Валавік і Дзмітрый Цехановіч, а таксама шматдзетная маці Ірына Моцная.

Яшчэ адное патрабаванне ўдзельнікаў акцыі – адмовіцца ад правядзення расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017», якія мусяць адбыцца на тэрыторыі нашае краіны ў верасні ды якія ўжо выклікалі занепакоенасць як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.

Пра неабходнасць неадкладнага вызвалення палітычных вязняў прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці заяўлялі і падчас паралельнай імпрэзы, што праходзіла ў межах сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Насуперак таму, каб пачуць галасы салідарнасці, улады Беларусі, найхутчэй, ужо традыцыйна працягнуць караць нязгодных рублём. Гэтак, сёння старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч атрымаў паведамленне, што праз нясплочаныя штрафы за ўдзел у антыдармаедскіх акцыях на ягонае аўта і аўта ягонай жонкі судовыя выканаўцы наклалі арышт.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары