Пратэст у Гомлі


Такога ў Гомлі сёння мала хто спадзяваўся. Тысячы абураных людзей патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі ды ягонага ўраду. 

Гамельчукі скандавалі:

«Галоўны дармаед наш шаноўны прэзідэнт! Дастаў! Дастаў! Дастаў!»

«Не дэкрэту № 3!»

«Мы не рабы!!!»

«Лукашэнка, сыходзь!!!»

Найбольш разʼюшылі людзей апошнія спробы спагнання падатку, які прадугледжвае прэзідэнцкі ўказ «Аб сацыяльным утрыманстве». «Лісты шчасця» у Беларусі ўжо атрымалі каля паўмільёна чалавек. Рэакцыя ўсюды аднолькавая:

«Рабуюць жабракоў!!! Не тое, што бедных – жабракоў!!! Чалавек, які не мае працы адкуль возьме гэтыя грошы!?»

«Мы народ мірны, але калі нас кранеш… мы не быдла! Усё, хопіць! Князь удзельны знайшоўся!!!»

«Мяне адфутбольваюць куды не прыйду! Гэта ўлада? Няхай бы яны так пажылі!»

Па розных падліках у Гомлі на акцыю пратэсту за адмену дэкрэту выйшлі больш за тры тысячы чалавек рознага веку. З плошчы Паўстання калона рушыла вуліцаю Савецкай да плошчы Леніна. Удзельнікі акцыі пратэставалі не толькі супраць нялюдскага закону, але і агульнай палітычна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Найбольш балючыя праблемы – гэта малыя пенсіі ды заробкі, адсутнасць працы, імклівае збядненне насельніцтва.

Распавядае ўдзельніца акцыі:

«У мяне пенсія 2 млн. Я 25 год адпрацавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Я 1,5 млн плачу за камуналку. А ў яго морда во, у абʼектыў не ўлазіць. І ва ўсёй ягонай адміністрацыі. Паглядзіце, якія яны морды паадрошчвалі за наш кошт!»

Адметна, што да акцыі масава далучаліся тыя, каго не закранула дзеянне дэкрэту ці беднасць. З Гомля і з рэгіёнаў прыбылі людзі, каб падтрымаць тых, хто апынуўся ў складаным становішчы:

«Мы прыйшлі падтрымаць наш народ самы талерантны, які нарэшце выйшаў ды паказаў, што ён жывы, што ён хоча жыць, а не існаваць ды быць рабом за мізэрныя заробкі».

Прадстаўнікі гомельскай апазіцыі звязваюць поспех акцыі з скаардынаванымі дзеяннямі дэмакратычнае супольнасці. Шырокая ды грунтоўная інфармацыйная кампанія вывела на вуліцы тысячы людзей, дасюль не звязаных з палітычнаю ці грамадскаю дзейнасцю.

Абурэнне людзей каментуе грамадскі актывіст Максім Філіповіч. Ён таксама патрапіў пад дзеянне падатку:

«Гэта толькі пачатак. Далей будзе выходзіць больш людзей, каб паказаць, што мы ёсць, каб адстойваць свае правы. Пасля народ мусіць абʼяднацца і жыць адным арганізмам, а не спадзявацца на чыноўнікаў».

Працягвае грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых, суарганізатар акцыі пратэсту:

«Будзем абʼядноўваць людзей, каб сюды наступным разам прыйшло не некалькі тысячаў чалавек, а палова Гомля».

Пасля сканчэння акцыі пратэсту некаторыя яе ўдзельнікі публічна знішчалі «лісты шчасця».

Кажа Барыс Анікееў, удзельнік акцыі:

«Дэкрэт № 3 нас абʼяднаў. Мы сталі сапраўднымі грамадзянамі, якія выказваюць сваю пазіцыю».

У мінулую пятніцу буйная акцыя пратэсту з удзелам тысячаў людзей адбылася ў Менску. Прадстаўнікі дэмакратычнае супольнасці не выключаюць: калі ўлады не адменяць падатку на дармаедства, то на Дзень Волі 25-га сакавіка ў Беларусі пройдзе агульнарэспубліканская акцыя пратэсту.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзіце выданне цалкам